Расейскага журналіста вырашылі ўсё ж такі абвінаваціць у «нецэнзурнай лаянцы»
- 24.03.2011, 14:26
Інфармацыя пра тое, што Лашманкіна вінавацяць у кантрабандзе наркотыкаў, не пацвердзілася.
Затрыманага ў Беларусі грамадзяніна РФ Аляксандра Лашманкіна судзяць у судзе г. Ворша за хуліганства і нецэнзурную лаянку. Пра гэта паведамляе ў Твітэры Міжнародная назіральная місія.
«А. Лашманкін быў затрыманы транспартнай міліцыяй у горадзе Вршы - быў зняты з цягніка Чалябінск-Брэст супрацоўнікамі транспартнай міліцыі. Ён расейскі журналіст, рэдактар інфармацыйнага агенцтва «Свабода» (Самара), афіцыйна акрэдытаваны ў Беларусі», - паведамілі ў місіі.
У праваабарончай місіі таксама ўдакладнілі, што ў судзе абвешчаны перапынак да 15.30.
Амбасада Расеі ў Беларусі інфармаваная аб затрыманні ў Воршы расейскага грамадзяніна Аляксандра Лашманкіна, паведаміў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у чацвер дарадца расейскай амбасады Вадзім Гусеў.
«Дзяжурны дыпламат ўначы быў праінфармаваны аб факце затрымання А. Лашманкіна ягоным калегам. Амбасада высвятляе матывы затрымання расейскага грамадзяніна і ў чым заключаюцца прад'яўляюцца яму абвінавачванні», - сказаў Гусеў.
Раней з Беларусі як непажаданую персону выслалі кіраўніка міжнароднай назіральнай місіі расейскага праваабаронцы Аляксандра Юрава, непажаданай персонай абвешчаны і ўкраінскі праваабаронца Максім Кіцюк.