Грыбаўскайтэ папрасілі паўплываць на Лукашэнку
- 28.03.2011, 13:23
Міжнародная грамадскасць выказала надзею на тое, што прэзідэнт асабіста звернецца да Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваннем вызваліць палітвязняў.
Прадстаўнікі міжнароднай грамадскасці звярнуліся да прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайтэ ў сувязі з рэпрэсіямі беларускіх улад падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 года і пасля іх, паведамляе DELFI.
Зварот падпісалі 19 няўрадавых арганізацый, фондаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці Літвы, Арменіі, Швецыі, Нарвегіі, Даніі, ЗША, Чэхіі, Канады, Славакіі, Германіі і Польшчы.
Прадстаўнікі міжнароднай грамадскасці выказалі надзею на тое, што прэзідэнт асабіста звернецца да Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваннем вызваліць палітвязняў і скасаваць крымінальныя і адміністрацыйныя справы, распачатыя ў сувязі з падзеямі 19 снежня.
Літва падтрымлівае моцныя гістарычныя сувязі з жыхарамі Беларусі, а старшынства Літвы ў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ) - гэта унікальная магчымасць узяць ініцыятыву і пачаць афіцыйны дыялог з беларускімі ведамствамі аб вызваленні палітвязняў, лічаць аўтары звароту.