Віктара Івашкевіча і Мікалая Дземідзенку прысудзілі да арышту
- 28.03.2011, 13:41
Каардынатара «Еўрапейскай Беларусі» пакаралі толькі за намер удзельнічаць у акцыі ў Дзень волі.
Суддзя Савецкага раёну Менску Аксана Ралява прызнала Віктара Івашкевіча вінаватым у дробным хуліганстве.
Маўляў, яго папярэджвалі, а ён працягваў парушаць грамадскі парадак. Яна таксама адхіліла пратэст на выклік у суд сведак-міліцыянтаў, якія складалі пратакол, палічыўшы дастатковымі пісьмовыя доказы.
На самой справе каардынатара «Еўрапейскай Беларусі» арыштавалі па дарозе на плошчу Якуба Коласа, дзе 25 сакавіка павінная была прайсці акцыя, прымеркаваная да Дня Волі. Палітыка затрымалі на праспекце Незалежнасці, у раёне крамы «Падземка», людзі ў цывільным і запхнулі ў аўтобус. Больш за двое сутак да суду Віктар Івашкевіч знаходзіўся ў турме на Акрэсціна.
У той жа час Мікалай Дземідзенка, адзін з лідэраў арганізацыі «Малады фронт», асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Такое рашэнне прыняў 28 сакавіка суд Савецкага раёна Менска. Моладзевы лідэр быў арыштаваны 25 сакавіка на плошчы Якуба Коласа спецназаўцамі ў цывільным з ужываннем сілы. Да суду таксама знаходзіўся ў турме на Акрэсціна.