Беларусь з 1 красавіка павялічвае экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты
- 29.03.2011, 17:57
Беларусь з 1 красавіка 2011 года павышае стаўкі экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты, якія вывозяцца з тэрыторыі рэспублікі за межы мытнай тэрыторыі Мытнага саюза.
Такое рашэнне прынята пастановай Савета Міністраў ад 28 сакавіка 2011 года № 392, якая ўступае ў сілу з 1 красавіка, паведамілі БелТА ў прэс-службе беларускага ўрада.
Стаўка вывазной мытнай пошліны на 1 т сырой нафты з 1 красавіка бягучага года павысіцца з $365 за 1 т да $423,7 за 1 т. На нафту з утрыманнем серы экспартная пошліна складзе з 1 красавіка $191. На светлыя нафтапрадукты (лёгкія дыстыляты, сярэднія дыстыляты, газойлі) усталяваная пошліна $283,9 за 1 т. Пошліна на цёмныя нафтапрадукты (вадкія палівы, маслы, адпрацаваныя нафтапрадукты) складзе $197,9, на прапан, бутаны, этылен, прапілен, бутылен і бутадыен, іншыя звадкаваныя газы - $91, нафтавы вазелін, мінеральныя воскі і аналагічныя прадукты - $197,9. Акрамя таго, стаўка вывазной мытнай пошліны за 1 т нафтавага коксу і бітуму, іншых рэштаў ад перапрацоўкі нафты або нафтапрадуктаў, атрыманых з бітумінозных парод, будзе роўная $197,9, бензолу, талуолу, ксілолу - $283,9.
Пастановай унесеныя змены ў пастанову Савета Міністраў ад 31 снежня 2010 года № 1932 «Аб устанаўленні ставак вывазных мытных пошлін у дачыненні нафты сырой і асобных катэгорый тавараў, выпрацаваных з нафты, і прызнанні страціўшымі сілу некаторых пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь».
Як паведамлялася, Беларусь з 1 студзеня 2011 года мае права атрымліваць расейскую нафту і нафтапрадукты без пошлін і без абмежавання аб'ёмаў. Гэта прадугледжана Пагадненнем аб парадку выплаты і залічэння вывазных мытных пошлін (іншых пошлін, падаткаў і збораў, якія маюць эквівалентнае дзеянне) пры вывазе з тэрыторыі Беларусі за межы мытнай тэрыторыі Мытнага саюза сырой нафты і асобных катэгорый тавараў, выпрацаваных з нафты. Дакумент падпісаны кіраўнікамі дзяржаў Мытнага саюза 9 снежня 2010 года, ратыфікаваны Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі 21 снежня і ўхвалены Саветам Рэспублікі 22 снежня 2010 года.
Пагадненнем усталяваныя новыя ўмовы пастаўкі нафты і нафтапрадуктаў у Беларусь. Ўрэгуляваныя пытанні спагнання і пералічэння ў бюджэт Расеі вывазных мытных пошлін пры вывазе з тэрыторыі Беларусі за межы Мытнага саюза нафты сырой і асобных тавараў з вуглевадароднай сыравіны. Такім чынам, уведзены новы механізм выплаты і залічэння экспартных пошлін. Ён прадугледжвае, што мыта ад экспарту беларускай сырой нафты паступае ў бюджэт Рэспублiкi Беларусь, а пошліна ад экспарту нафтапрадуктаў - у бюджэт Расейскай Федэрацыі.