«Карту паляка» будуць судзіць
- 30.03.2011, 13:06
Канстытуцыйны суд Беларусі 31 сакавіка вывучыць прапанову «палаты прадстаўнікоў» на прадмет адпаведнасці закону Польшчы «Аб карце паляка» нормам міжнароднага права.
Аб гэтым паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у сераду ў КС.
«Упершыню ў сваёй дзейнасці Канстытуцыйны суд павінен будзе выкласці сваю пазіцыю аб дакуменце, прынятым замежнай дзяржавай», - адзначылі ў судзе.
Там растлумачылі, што ў адпаведнасці з дэкрэтам Лукашэнкі (выдадзеным у 2008 годзе - ІФ) Канстытуцыйны суд па прапановах кіраўніка, «парламента», ураду «выкладае сваю пазіцыю аб дакументах, якія прымаюцца замежнымі дзяржавамі, міжнароднымі арганізацыямі і закранаюць інтарэсы Рэспублікі Беларусь, у частцы адпаведнасці гэтых дакументаў агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права».
У лютым «палата прадстаўнікоў» прыняла пастанову аб звароце ў Канстытуцыйны суд для вызначэння адпаведнасці польскага закона «Аб карце паляка» агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права. Як заявіў старшыня «палаты прадстаўнікоў» Уладзімір Андрэйчанка, «гэтая праблема (польскі закон «аб карце паляка»- ІФ) закранае цэлы шэраг напрамкаў беларуска-польскага ўзаемадзеяння. У закон Рэспублікі Польшча «Аб карце паляка» закладзеныя палажэнні, якія супярэчаць міжнародным нормам і не адказваюць прынцыпам добрасуседства», - заявіў Андрэйчанка.
7 верасня 2007 парламент Польшчы прыняў закон «Аб карце паляка» які пачаў дзейнічаць 31 сакавіка 2008. Карта пацвярджае прыналежнасць этнічных палякаў, якія жывуць у СНД і Прыбалтыцы, да польскага народу і дае ім ільготы ў афармленні віз пры наведванні Польшчы, гарантуе падтрымку пры вядзенні бізнесу, працаўладкаванні і паступленні на вучобу ў Польшчы. Улады Беларусі неаднаразова крытыкавалі практыку распаўсюджвання «карты паляка», вінавацячы Польшчу ў парушэнні міжнароднага права.