Беларусь хоча прадаць Чавесу 10% МАЗа за 300 млн даляраў
- 4.03.2011, 16:12
Беларусь працягвае перамовы па продажы венесуэльскаму баку 10% акцый ААТ «Менскі аўтамабільны завод».
Пра гэта заявіў генеральны дырэктар МАЗа Аляксандр Бароўскі у пятніцу на прэс-канферэнцыі ў Менску, перадае «Інтэрфакс-Захад».
«З Венесуэлай па набыцці акцый ідзе праца, ідуць перамовы. Калі Венесуэла купіць у нас 10% акцый, а такі пакет абмяркоўваецца, то мы атрымаем $ 200-300 млн, якія як раз неабходныя нам для развіцця», - сказаў Бароўскі.
Ён падкрэсліў, што пытанне продажу акцый Венесуэле абмяркоўваецца паралельна з магчымасцю перадачы 48% акцый МАЗа холдынгу «Расбелаўта», які плануецца стварыць пры ўдзеле КАМАЗа і іншых прадпрыемстваў Растэхналогій.
«Мы чакаем гэтага рашэння (аб продажы акцый Венесуэле - ІФ), ідуць перамовы», - паведаміў А. Бароўскі.
Месяцам раней беларускія ўлады былі гатовыя аддаць увесь МАЗ за 2,5 млрд даляраў. Расейскія эксперты ацанілі прадпрыемства максімум у $ 1 млрд.