За тыдзень аўтамабілі падаражэлі на 1000 даляраў
- 9.03.2011, 15:41
Кошты паднялі як афіцыйныя дылеры, так і гандляры на другасным рынку.
Прычына - навіна аб росце пошліны на ўвезеныя аўтамабілі, які чакаецца ў ліпені.
Акрамя гэтага, з'явілася інфармацыя аб тым, што будзе абмежаваны імпарт аўто. Гэта прадугледжана пастановай Савета міністраў і Нацыянальнага банка «Аб разліках па імпарце некаторых тавараў» ад 25 лютага 2011 года.
Як паведамілі ў прэс-цэнтры Саўміна, у спіс тавараў, для якіх ўводзяцца істотныя абмежаванні ў аплаце замежнай валютай, патрапілі і аўтамабілі.
Эксперты жа прагназуюць рэзкае скарачэнне імпарту легкавых аўто і, як вынік, дэфіцыт прапановы і рост коштаў.
«За апошні тыдзень аўтамабілі даражэлі тройчы. Больш за ўсё гэта закранула так званыя бюджэтныя і сямейныя аўто - мінівэны дзесяцігадовай даўніны выпуску. Аднак і новыя аўтамабілі падаражэлі. Падобную сітуацыю мы назіралі ў мінулым годзе, калі чуткі пра пошліну ўжо распаўсюджваліся. У гэтым годзе аб павышэнні заявілі канкрэтна», - адзначыў у інтэрв'ю тэлеканалу Белсат аўтааглядальнік Валер Глухоўскі.
Аднак аўтааматары яшчэ спадзяюцца, што пастанову аб абмежаванні імпарту адменяць ці прыбяруць з яе пункт аб аўтамабілях. Калі ж гэтага не адбудзецца, то пакупніцкі попыт на камерцыйныя аўтамабілі можа быць задаволены толькі да сярэдзіны красавіка.