Бязмежжа спецслужбаў. Як у Беларусі «запрашаюць» на размову
- 1.04.2011, 11:59
У Менску ў кватэры па вуліцы Бялецкага супрацоўнікі міліцыі збілі і затрымалі жыхара Слуцка Вадзіма Раманава.
Вадзіма Раманава супрацоўнікі праваахоўных органаў некалькі разоў запрашалі для размовы ў сувязі з тым, што ягоны тэлефон знаходзіўся ў раёне плошчы, дзе праходзіла акцыя пратэсту 19 снежня. Малады чалавек адмаўляўся, паколькі быў заняты на працы і здаваў сесію.
31 сакавіка каля 21.00 Вадзіму Раманаву патэлефанавалі на хатні нумар тэлефона ў Менску і запрасілі з'явіцца для размовы ў РАУС 1 красавіка ў 9.30. Ён пагадзіўся. Праз некалькі хвілін у дзверы пастукалі, паведамляе БХК.
Па словах Галіны Ісаевай, дзяўчыны Вадзіма Раманава, дзверы ледзь не выламвалі. «Праз 10 хвілін мы адчынілі, - распавядае Галіна. - У кватэру ўварваліся двое: адзін у міліцэйскай форме, другі ў чорным. Яны не прадставіліся і патрабавалі нашыя пашпарты. «Дзе жывем? Дзе вучымся? Дзе працуем? Хто вы такія?»- Пыталіся гэтыя людзі, калі мы пацікавіліся, на якой падставе павінныя прад'яўляць дакументы».
Як распавяла Галіна, госці капаліся ў іхніх рэчах, шукаючы пашпарты. На ейных вачах міліцыянты збілі Вадзіма. «Спачатку той, што ў чорным, ударыў яго нагой у жывот. Потым яны штурхалі яго нагамі, павалілі на падлогу, заламалі рукі і апранулі кайданкі. Яму нават не далі абуцца! - Кажа Галіна. - Ён крадком ўзяў тэлефон і патэлефанаваў мне з аддзялення. Сказаў, што сядзіць на голай падлозе ў калідоры. Потым мабільнік у яго забралі».