Жыхары Сухарава хочуць выхоўваць дзяцей у беларускамоўных садках
- 1.04.2011, 13:02
У сталічным мікрараёне Сухарава створаны бацькоўскі камітэт грамадзян, жадаючых, каб іхнія дзеці выхоўваліся ў беларускамоўных садках.
Як паведаміла БелаПАН старшыня Менскай гарадской арганізацыі «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» Алена Анісім, камітэт створаны для таго, каб знайсці і з'яднаць неарганізаваных грамадзян, якія жывуць у Сухарава і хочуць даць сваім дзецям беларускамоўнае выхаванне. «Бацькоўскі камітэт будзе рабіць усё неабходнае для адкрыцця новых беларускамоўных груп у садках мікрараёна», - сказала Анісім.
Бацькоўскі камітэт, адзначыла яна, не павінен дапусціць пераводу дзяцей з беларускамоўных груп у расейскамоўныя, а таксама дамагацца таго, каб прафесійны ўзровень выхавальнікаў беларускамоўных груп адпавядаў іхнім задачам. «Пры гэтым трэба ўлічваць, што па гэтых кірунках разам з бацькамі павінныя працаваць і чыноўнікі згодна з праграмай Міністэрства адукацыі, якая дзейнічае ўжо некалькі гадоў, і пастановай Савета міністраў ад 27 студзеня 2010 года аб пашырэнні беларускамоўнага навучання і выхавання», - адзначыла прадстаўніца ТБМ.
Па ейных словах, сітуацыя, якая склалася ў Сухарава з беларускамоўнымі садкамі, патрабуе падтрымкі грамадскасці. У садку № 570 павялічылі беларускамоўную групу і дабралі ў яе дзяцей пяці-шасці гадоў, а на базе садка № 561 адкрылася беларускамоўная група. «Аснову гэтай групы склалі 12 дзяцей, бацькі якіх напісалі заявы, каб іхнія дочкі і сыны выхоўваліся па-беларуску. Пазней да гэтай групе далучылі яшчэ дзевяць чалавек, якія дабіраліся загадчыцай дашкольнай установы і ейнымі выхавальнікі, угаворваючы бацькоў», - сказала старшыня арганізацыі.
Такім чынам, адзначыла Анісім, небяспека складаецца ў тым, каб пазней гэтыя дзевяць дзяцей не сталі нейкім чынам перашкодай на шляху атрымання беларускамоўнага выхавання ў садку № 561. «Бацькоўскаму камітэту неабходна будзе добра папрацаваць з бацькамі гэтых дзевяці дзяцей», - падкрэсліла Анісім.