Збіццё Някляева 19 снежня пакуль не расследуецца
- 11.04.2011, 13:17
Уладзімір Някляеў разам з адвакатам Уладзімірам Букштынавым скончылі знаёмства з крымінальнай справай. Уся крымінальная справа складаецца з 29 тамоў.
«Гэтая крымінальная справа - адна на ўсіх абвінавачваных», - адзначыў адвакат.
Адвакат падкрэсліў, што ў межах гэтай крымінальнай справы збіццё кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева увечары 19 снежня 2010 года не расследаванае. «Не, у межах гэтай крымінальнай справы не расследаванае. Але збіццё Някляева будзе расследаванае ў межах іншай крымінальнай справы. Працэсуальнае рашэнне па гэтым пытанні яшчэ не прынятае», - падкрэсліў Уладзімір Букштынаў.
Уладзімір Някляеў быў жорстка збіты нявызначанымі спецслужбамі ў Менску ўвечары 19 снежня і дастаўлены ў бальніцу хуткай дапамогі, адкуль той жа ноччу яго выкралі сямёра невядомых. Пазней палітык «знайшоўся» ў СІЗА КДБ, нагадвае сайт «Гавары праўду».
Уладзімір Някляеў быў затрыманы па абвінавачванні ў арганізацыі «масавых беспарадкаў». Аднак 30 сакавіка следчае ўпраўленне папярэдняга расследавання ГУУС Менгарвыканкама прад'явіла Уладзіміру Някляеву новае абвінавачванне па арт.342 КК Рэспублікі Беларусь («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).
Уладзімір Някляеў яшчэ не абмяркоўваў з адвакатамі стратэгію далейшых дзеянняў. Пакуль яшчэ не вызначыліся, ці варта абскардзіць пэўныя моманты крымінальнай справы.
У бліжэйшыя дні, як мяркуе адвакат, крымінальная справа можа быць накіраваная ў пракуратуру.