Ігар Тумаш: У знак пратэсту выходжу з Саюза пісьменнікаў Беларусі
- 13.04.2011, 19:57
Пацярпелы падчас тэракту ў менскім метро пісьменнік Ігар Тумаш заявіў аб сваім выхадзе з Саюза пісьменнікаў Беларусі, якім кіруе Мікалай Чаргінец.
У сваёй заяве Тумаш патлумачыў, чаму прыняў такое рашэнне:
«Уладныя структуры, якія не змаглі забяспечыць бяспеку радавых грамадзян, павінныя сысці ў адстаўку, - напісаў Ігар Тумаш. - Таму што кроў нявінных лямантуе. Што рабіў спецназ на кожнай станцыі метрапалітэна некалькі апошніх месяцаў? Чым было занятае велізарнае войска сілавікоў? Чаму яны ж праваронілі тэракт? Падобна да таго, што сілавікі хутчэй дэманстравалі нам іклы ўлады, чым ламалі галовы над рэальным забеспячэннем нашай бяспекі.
Не падрыхтаваным да надзвычайнай сітуацыі апынуўся і метрапалітэн: пасля выбуху станцыя была пагружаная ў цемру, і запоўненая дымам і ўгарным газам. Дзе вентыляцыя і аварыйнае асвятленне? Гэта пра Беларусь усе гэтыя гады чуў я, быццам у краіне ідэальны парадак, што яна з'яўляецца астраўком бяспекі ў бушуючым акіяне нестабільнасці? Дадзеныя заявы на праверку апынуліся нейкім рэкламным трукам.
Карыстаюся выпадкам, хачу адзначыць самаадданыя паводзіны пасажыраў мужчын, якія не паддаліся паніцы, не збеглі, а кінуліся на выручку пацярпелым, што задыхаліся ад угарнага газу. Паклон менскім таксістам, якія адмаўляліся браць з пацярпелых грошы, развозілі іх па дамах бясплатна.
У знак пратэсту супраць праяўленага дзяржаўнымі структурамі Беларусі разявацтва, заяўляю аб сваім выхадзе з Саюза пісьменнікаў Беларусі, які з'яўляецца адной з ідэалагічных восяў існуючай ўладнай Сістэмы.
Публічна заяўляю, што ў хоры ўсхвалення Сістэмы не ўдзельнічаў (зараз ужо і статыстам гэтага хору не буду). Што малаважнага Марчука на Нобелеўскую прэмію не вылучаў. Што ў распілаванні прэмій, перакладаў і накладаў не ўдзельнічаў.
Хлопцы, вы цягнулі усё пад сябе, асабіста мне і радку за тры гады апублікаваць не далі. Гэта быў ваш заробак за хлусню, якую вы гатавалі. Зараз - адказвайце!
Калі з пункта А абывацель выязджае, але да пункта Б не даязджае... Значыць, трэба мяняць усе правілы гульні і выклікаць на дыван рэгуліроўшчыкаў руху».