Алена Танкачова: Будзем высвятляць, адкуль з'явіліся «танцы на костках»
- 14.04.2011, 15:00
Беларуская праваабаронца ўспрыняла паведамленні дзяржаўных тэлеканалаў як асабістую абразу.
Дзяржаўныя тэлеканалы на працягу двух дзён агучвалі інфармацыю аб пасяджэнні камісіі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы ў Страсбургу, на якім разглядалася сітуацыя ў Беларусі. У прыватнасці адзначалася, што на ім прысутнічалі «спадар Бяляцкі і нейкая спадарыня Танкачова», якія, нібыта, прасілі ўвесці эканамічныя санкцыі супраць нашай краіны, якія «цынічна выціраючы ногі аб людское гора». Учора пра іх згадаў і Аляксандр Лукашэнка, які назваў праваабаронцаў прадстаўнікамі «пятай калоны», а іхнія паводзіны ахарактарызаваў як «танцы на костках».
Алена Танкачова ў прамым эфіры «Еўрарадыё» распавяла, што яна і Алесь Бяляцкі ведаюць пра гэтыя выказванні. Праваабаронца ўспрыняла іх як асабістую абразу.
«Мы вернемся ў Менск, я зраблю запыт да Белтэлерадыёкампаніі, кампаніі АНТ, і кампаніі СТВ, якія па адной паперцы чыталі гэты «выдатны» тэкст. Паспрабую высветліць, адкуль у іх гэтая інфармацыя, на падставе якой яны палічылі магчымым рабіць высновы аб «танцах на костках». А далей будзем разбірацца. Я буду чакаць выбачэнняў», - сказала Танкачова.
Алена Танкачова адзначыла, што на дзяржаўных тэлеканалах не было сказана ні слова наконт таго, што пасяджэнні ў ПАРЕ пачыналіся з хвіліны маўчання па ахвярам тэракту ў менскім метро.