Рада Бяспекі ААН разыйшлася ў меркаваннях, асуджаючы "меркаваны тэракт" у Менску
- 14.04.2011, 17:15
Позна ўвечары 13 красавіка Рада Бяспекі ААН рашуча асудзіла "меркаваны тэракт" (apparent terrorist attack) у Менску 11 красавіка.
Пры гэтым, як адзначаюць СМІ, адзінага меркавання сярод 15 краін - удзельніц Рады бяспекі адносна магчымых арганізатараў выбуху ў метро не было, перадае TUT.by.
"Прадстаўнікі Рады Бяспекі самым рашучым чынам асудзілі меркаваны тэракт ў Менску 11 красавіка 2011 года, які пацягнуў за сабой шматлікія ахвяры і раненні. Яны выказалі сваё глыбокае спачуванне ахвярам гэтага гнюснага акта і іхнім сем'ям, а таксама народу і ўраду Беларусі, - гаворыцца ў заяве Рады Бяспекі ААН для прэсы. - Прадстаўнікі Рады Бяспекі зноў пацвердзілі, што тэрарызм ва ўсіх ягоных формах і праявах прадстаўляе сабой адну з самых сур'ёзных пагроз міжнароднаму міру і бяспецы і што любыя акты тэрарызму з'яўляюцца злачыннымі і неапраўданымі, незалежна ад іхняй матывацыі, калі б і кім бы яны ні здзяйсняліся" .
Разам з тым, як адзначае Reuters, адзінага меркавання сярод 15 краін - удзельніц Рады Бяспекі адносна таго, хто менавіта мог арганізаваць напад ў мінскім метро, не было.
AFP ўдакладняе, што ў ходзе пасяджэння "Злучаныя Штаты Амерыкі пры падтрымцы іншых заходніх краін" настойвалі на тым, каб выніковая заява Рады Бяспекі адносна таго, што адбылося ў Менску змяшчала слова "меркаваны" (apparent).
"Слова "меркаваны" ўключаная ў тэкст заявы наўмысна", - паведаміў інфармагенцтву на ўмовах ананімнасці адзін з дыпламатаў Рады Бяспекі ААН. Пры гэтым ён адзначыў, што "праўдападобныя сігналы з Беларусі" паказваюць на тое, што "за тым, што адбылося, маглі стаяць улады".
"У ходзе пасяджэння адносна тэксту заявы было шмат спрэчак. Менавіта таму яно было апублікаванае так позна. Аднак гэты факт толькі падкрэслівае падозрэнні міжнароднай супольнасці", - дадала другая дыпкрыніца.
AFP нагадала, што ў аўторак Дзярждэпартамэнт ЗША асудзіў выбух у Менску, аднак ухіліўся ад ужывання фармулёўкі "тэрарызм". У сваю чаргу, МЗС Францыі таксама выкарыстала у заяве тэрмін "выбух".
Рада Бяспекі ААН у чарговы раз заявіла аб рашучасці змагацца з усімі формамі тэрарызму ў адпаведнасці са сваімі абавязкамі згодна з Статутам Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Пры гэтым у заяве асабліва падкрэсліваецца, што ўсе краіны, якія прымяняюць антытэрарыстычныя меры, "павінныя выконваць правы чалавека, правы бежанцаў і нормы міжнароднага гуманітарнага права".
Раней спачуванні сем'ям загінулых падчас выбуху ў менскім метро выказаў генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун.
Нагадаем, выбух на станцыі "Кастрычніцкая" менскага метро адбыўся ўвечары 11 красавіка, у гадзіну пік. Загінулі 12 чалавек, раненні атрымалі каля 200. Бомба магутнасцю 5-7 кілаграмаў трацілу, начыненая паражаючымі элементамі, была пакінутая пад лавай на платформе. 14 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік генпракурора Беларусі - начальнік следчага ўпраўлення Генпракуратуры Андрэй Швед паведаміў, што "затрыманыя пяць чалавек, двое заключаныя пад варту - выканаўца і асоба, якая аказвала садзейнічанне".