КДБ пакуль не называе прозвішчы падазраваных у здзяйсненні тэракту
- 18.04.2011, 10:55
Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі пакуль не называе прозвішчы падазраваных у здзяйсненні тэракту ў менскім метро.
Пра гэта БелаПАН заявіў начальнік Цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Аляксандр Антановіч.
Па ягоных словах, па-першае, існуе таямніца следства, па-другое, неабходна прымаць у разлік "чалавечы аспект". Прозвішчы падазраваных могуць быць названыя, калі ім прад'явяць абвінавачванне, сказаў Антановіч. Згодна з Крымінальна-працэсуальным кодэксам, гэта павінна адбыцца на працягу 10 сутак пасля затрымання, гэта значыць да 23 красавіка.
Нагадаем, па дадзеных на 14 красавіка, па падазрэнні ў здзяйсненні тэракту затрыманыя пяць чалавек, у дачыненні да двух з іх была абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.
Прозвішчы падазраваных ўжо з'явіліся ў Інтэрнэце. Па версіі выдання Life News, нібыта гэта ўраджэнцы Віцебска Зміцнр Канавалаў, Уладзь Кавалёў і Мядзведзеў.
У Генеральнай пракуратуры Беларусі, якая расследуе справу аб тэракце ў метро, гэтую інфармацыю не каментуюць.