BE RU EN

Пачаліся масавыя вобшукі ў былых вайскоўцаў

  • 18.04.2011, 15:57

Міліцыянты выконваюць загад Аляксандра Лукашэнкі знайсці вінаватых у тэракце.

На наступны дзень пасля выбуху ў менскім метро, 12 красавіка, дамоў да ветэрана-афганца з Валожыну Юрыя Даржыева прыйшлі супрацоўнікі праваахоўчых органаў. Без адпаведнага ордэру яны запатрабавалі прайсці ў кватэру, каб правесці ператрус па справе тэракту, паведамляе Белсат.

У той дзень я быў на працы, гэта могуць пацвердзіць мае калегі. Закон я не парушаю, таму быў здзіўлены прыходу міліцыянтаў, ” - кажа Юрый Даржыеў. Аднак супрацоўнікі ў форме адмовіліся паказаць дакументы і пачалі вераломна ператрасаць рэчы ў доме.

У мяне нічога яны не знайшлі. Цікаваліся запісамі дыскаў, але там звычайныя фільмы, таму яны іх не забіралі з сабою”, - дадае афганец. Напрыканцы міліцыянты спыталі, ці чуў спадар Даржыеў што-небудзь падазронае наконт выбуху ў Менску. І запатрабавалі падпісаць заяву, у якой ён абавязуецца паведамляць следству пра магчымую інфмарцыю або чуткі па дадзенай справе.

Мяне абурыла, што да мяне прыйшлі як да злачынцы! Дакладна не растлумачылі, чаму ў мяне павінны прайсці ператрус,” – абураны мужчына.

У Валожынскім РАУС “Белсату” патлумачылі, што праверкі і ператрусы зараз праходзяць па ўсёй рэспубліцы. “У зоне рызыкі найперш былыя вайскоўцы і людзі, якія маюць зарэгістраваную ці незарэгістраваную зброю. Такім быў загад прэзідэнта – праверыць усіх, канфіскаваць небяспечныя рэчы і прыцягнуць да следства падазроных асобаў”, - распавялі аператыўнікі.

Праваабаронцы звяртаюць увагу на тое, што ўсе следчыя дзеянні павінны адбывацца ў адпаведнасці з законам. “Калі да грамадзяніна прыйшлі з ператрусам, трэба патрабаваць ордэр. І ні ў якім выпадку не падпісваць падазроныя паперы, як бы тое не патрабавалі міліцыянты. Падпісаная па неасцярожнасці папера можа быць выкарыстана супраць невінаватага чалавека, ” - тлумачыць прадстаўнік Беларускага Хельсінскага камітэту Зміцер Чарных.

Апошнія навіны