Гродзенскія журналісты занепакоеныя пераследам Пачобута
- 2.04.2011, 16:52
Гродзенскія журналісты накіроўваюць адмысловы зварот у абласную пракуратуру з патрабаваннем спыніць крымінальную справу супраць карэспандэнта “Газеты Выборчай” Андрэя Пачобута.
Тэкст звароту напярэдадні быў прыняты гродзенскімі сябрамі БАЖ на адмысловым сходзе, паведамляе Радыё Рацыя.
Незалежныя журналісты Гродзеншчыны выказваюць сваю занепакоенасць крымінальным пераследам Андрэя Пачобута, гаворыць карэспандэнт газэты “Жэчпасполіта” Андрэй Пісальнік:
- Далей, у залежнасці ад таго, як будзе сітуацыя развівацца, напэўна будзем сустракацца і яшчэ і напэўна будзем прымаць нейкія наступныя крокі. Пэўна гэта будзе абмеркаванне таго, як можна дапамагчы нашаму сябру ў гэтай сітуацыі, гэта будзе абмеркаванне таго, што мы можам як журналісты зрабіць.
У заяве, як паведаміла журналістка телеканалу Белсат Ірына Чарняўка, адзначаецца таксама пагаршэнне сітуацыі свабоды слова ў рэгіёне.
- Таксама ў заяве адзначаецца, што справа супраць Андрэя Пачобута, гэта, скажам, такі эпафіоз усяго таго ціску на незалежных журналістаў, які адбываецца апошія 10 год на Гродзеншчыне. Фактычна Андрэй Пачобут прыйшоў у журналістыку тады, калі пачыналася справа газеты "Пагоня". Цяпер праз 10 год такая самая справа ўзбуджаная супраць яго, у прынцыпе нічога не змянілася за гэтыя 10 год, а наадварот – пагаршылася.
Гэтая праява салідарнасці – хіба адзінае, што можна зрабіць мясцовая журналісцкая супольнасць на дадзены момант у абарону калегі Андрэя Пачобута.