"Нашу Нiву" папярэдзілі за артыкул палкоўніка Барадача
- 20.04.2011, 10:52
Намеснік генеральнага пракурора Беларусі М. Кукліс вынес "Нашай Нiве" папярэджанне за публікацыю ў №14 артыкула "Палкоўнік Барадач: выбухоўку падклалі супрацоўнікі адной са спецслужбаў".
Былы палкоўнік вайсковага спецназа выказваў ў ёй сваё меркаванне аб тым, што за тэрактам мог стаяць хтосьці з улады, зацікаўленыя ў дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне, піша "Наша Нiва".
На думку пракуратуры, такое меркаванне неабгрунтаванае. "Артыкул змяшчае... паклёпніцкія разважанні аб дзеяннях праваахоўных органаў", лічыць пракурор. У артыкуле пракуратура ўбачыла дзеянні, "накіраваныя на дыскрэдытацыю беларускай дзяржавы". Інфармацыю ў артыкуле пракуратура разглядае як "няпэўную".
Прадстаўнік пракуратуры прывёз папярэджанне ў Рэдакцыю 19 красавіка. Ягоная размова з рэдактарам прайшла ў карэктнай атмасферы.
Нагадаем, што днём раней, 18 красавіка галоўнага рэдактара газеты "Наша Нiва" выклікалі ў КДБ і папярэдзілі пра адказнасць за разгалошванне матэрыялаў следства па справе аб тэракце 11 красавіка.
За апошнія чатыры месяцы гэта была ўжо сёмая сустрэча "Нашай Нівы" з КДБ - да гэтага адбыліся чатыры ператрусы, выманне тэхнікі, адзін допыт і адно наведванне для вымання фота- і відэаматэрыялаў. Цяжка ўявіць сабе, каб у такім рэжыме працавала нейкае выданне ў любой іншай еўрапейскай краіне.