Афіцыйна рубель "абваляць" пасля атрымання расейскага крэдыту?
- 22.04.2011, 12:46
У маі Нацыянальны банк Беларусі разлічвае выйсці на адзіны курс валюты.
Такую заяву на брыфінгу ў пятніцу ў Менску зрабіў начальнік галоўнага ўпраўлення валютнага рэгулявання і валютнага кантролю Нацбанка Анатоль Мароз.
"Мы разлічваем на знешнія запазычанні", - сказаў А. Мароз.
"Курс будзе стабілізавацца пры стабілізацыі на знешніх рынках. Урад і Нацбанк ужо распрацавалі шэраг мер. Мы чакаем знешняга запазычання, у прыватнасці ідуць перамовы з Расейскай Федэрацыяй аб прадастаўленні крэдыту. У маі гэтае пытанне будзе вырашанае", - сказаў А. Мароз.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што пасля гэтага "мы выйдзем на адзіны курс".
А. Мароз адзначыў, адказваючы на пытанні журналістаў, што лічыць адэкватным курс беларускага рубля да даляра 3800/$1, агучаны напярэдадні адным з віцэ-прэм'ераў. "3800/$1 - гэта адэкватная адзнака. Той курс, які выстаўляецца на пазабіржавым рынку, завышаны", - сказаў А. Мароз.
Ён таксама падкрэсліў, што ажыятаж на рынку наяўнай валюты створаны самімі фізічнымі асобамі. "Калі ў студзені было прададзена насельніцтву (на чыстай аснове) каля $50 млн, у лютым - $12 млн, то за сакавік насельніцтва набыло $700 млн наяўнымі, пры тым, што за ўвесь мінулы год - $1,5 млрд", - патлумачыў начальнік галоўнага кіравання Нацбанка.
А. Мароз адзначыў, што насельніцтва "пачало здымаць уклады ў беларускіх рублях і пераводзіць іх у валюту".
НББ, па ягоных словах, "вырашыў не траціць золатавалютныя рэзервы" на продаж валюты насельніцтву, і таму увёў абмежаванні.
Па экспертнай адзнацы, фактычна, прадстаўнік НББ абвясціў аб дэвальвацыі афіцыйнага курсу беларускага рубля да даляра ЗША на працягу красавіка-мая на 25%, заявіўшы аб выхадзе на адзіны курс на працягу гэтага тэрміну і назваўшы "адэкватнай" адзнаку курсу на ўзроўні Br3800/$1.
Між тым, афіцыйна НББ не растлумачвае сітуацыю адносна далейшага існавання прагнознага калідора ваганняў і лёсу афіцыйнага курсу. "Прагнозны калідор ваганняў курсу беларускага рубля да кошыка валют (зніжэнне да 8% у 2011 годзе, на 22 красавіка факт 7,98%) ніхто не адмяняў", - чарговы раз пацвердзіў агенцтву "Інтэрфакс Захад" начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар НББ Анатоль Драздоў.