Лідэраў «Гавары праўду» будуць судзіць 5 мая?
- 22.04.2011, 13:29
Судовы працэс над кандыдатам у прэзідэнты Уладзімірам Някляевым пачнецца 5 мая ў Фрунзенскім судзе Менска.
Справу будзе разглядаць, па непацверджаных афіцыйна дадзеных, суддзя Жана Жукоўская, паведамляе "Беларускі партызан".
Уладзімір Някляеў віны не прызнае.
Усе шасцёра палітыкаў (Уладзімір Някляеў, Віталь Рымашэўскі, Андрэй Дзмітрыеў, Сяргей Вазняк, Аляксандр Фядута, Анастасія Палажанка) будуць праходзіць па адной крымінальнай справе. 30 сакавіка 2011 года следчае ўпраўленне папярэдняга расследавання ГУУС Менгарвыканкама прад'явіла В. Някляеву, А. Фядуту, С. Вазняку, А. Дзмітрыеву, В. Рымашэўскаму і А. Палажанка новае абвінавачванне па арт.342 КК Рэспублікі Беларусь ("Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх"). У дачыненні ўсіх шасцёрых крымінальная справа была вылучаная ў асобную вытворчасць, таму і працэс будзе адзін.
Сяргей Вазняк, які адзіным з шасцёрых "змоўшчыкаў" абвінавачваецца адразу па двух артыкулах КК, яшчэ не ведае, што працэс будзе праходзіць у Фрунзенскім судзе. Сяргей Вазняк абвінавачваецца па арт.342 КК Рэспублікі Беларусь ("Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх") і ў дачы заведама ілжывых паказанняў.