BE RU EN

Зміцер Бандарэнка напярэдадні Вялікадня трымаў пост

  • 23.04.2011, 19:18

Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Зміцер Бандарэнка - шчыры вернік, каталік і заўсёды трымаў пост перад Вялікаднем.

Ці магчыма для яго гэта зараз, ва ўмовах турмы КДБ? Жонка Вольга Бандарэнка дакладна не ведае, ці пасціўся ейны муж, але пэўныя высновы зрабіць можа:

«Разам з ім у камеры было яшчэ тры каталіка. Ён прасіў перадаць яму кашы, напісаў, што паспрабуюць трымаць пост. Хоць і лічыцца, што вязні ў такіх умовах могуць пост не трымаць. Святары гэта таксама пацвярджаюць, але ён, мабыць, спрабуе пасціцца.

Тым больш што разы тры запар напярэдадні не дазволілі перадаць кілбасу - такім чынам, напэўна, пасціцца».

Пра здароўе Зміцера Бандарэнкі, у якога ў турме абвастрыліся захворванні суставаў, жонка палітвязня паведаміла, што яму так і не дазволілі прайсці абследаванне ў спецыялістаў, паведамляе Радыё Свабода.

Нагадаем, суд над палітыкам прызначаны на 26 красавіка. Справа будзе разглядацца ў судзе Першамайскага раёна Менска. Суддзя - Тацяна Рывінская. Улады абвінавачваюць Зміцера ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» (арт. 342, ч.1). Па гэтым фальшывым абвінавачанні Зміцеру Бандарэнку пагражае да 3 гадоў турмы.

Заклікаем усіх неабыякавых прыйсці да 10.00 раніцы да пачатку працэсу па адрасе: Менск, вул. Талбухіна, 9.

Апошнія навіны