BE RU EN

Міністр эканомікі не змог прадказаць мяжу росту коштаў

  • 26.04.2011, 17:14

Міністр эканомікі Беларусі Мікалай Снапкоў лічыць, што прагназаваць ў цяперашні час паказчык інфляцыі на бягучы год даволі складана.

"Прагноз лічым і не хацелі б памыліцца ў гэтай лічбе. Паказчык будзе залежаць, у тым ліку, і ад таго, наколькі Нацбанк вызначыць раўнаважны курс і наколькі сціск выдаткаў бюджэту дазволіць нам выканаць паказчык па росце ВУП", - сказаў на брыфінгу ў аўторак у Менску М. Снапкоў, перадае "Інтэрфакс Захад".

Ён падкрэсліў, што абодва гэтыя параметры на сённяшні дзень Мінэканомікі невядомыя і пакуль іхняе значэнне не будзе ўдакладненае, прагноз па гадавой інфляцыі рабіць немагчыма.

М. Снапкоў адзначыў, што за першы квартал узровень інфляцыі, без уліку коштаў на энерганосьбіты і коштаў на харчовыя тавары, "якія фарміруюцца на знешнім контуры", складае толькі 3,7%.

Ён прызнаў, што ў росце спажывецкіх коштаў адну з асноўных роляў іграюць дэвальвацыйныя чаканні. "Рызыкі, што закладаюцца, павышаюць спажывецкія кошты. Але інфляцыя на 75% ўнутры сябе нясе манетарны пачатак. Гэта самы негатыўны фактар", - сказаў М. Снапкоў.

Ён канстатаваў, што рост спажывецкіх коштаў і складаная сітуацыя на валютным рынку ў краіне аказваюць негатыўны ўплыў на малы і сярэдні бізнэс.

Міністр прызнаў, што ў першым квартале інфляцыя склала 6,1%, аднак заклікаў не экстрапаляваць гэта паказчык на ўвесь год.

Як раней паведамлялася, у Беларусі на 20 красавік 2011 года інфляцыя склала 8,75% пры прагнозе на год у 7,5-8,5%.

Апошнія навіны