Еўракамісія не будзе каментаваць трызненні «звычайнага грамадзяніна» (Відэа)
- 26.04.2011, 20:26
Еўрапейская камісія не мае намеру каментаваць заяву Аляксандра Лукашэнкі ў адрас прэзідэнта ЕК Жазэ Мануэла Барозу.
"Мы не прызнаем яго дэмакратычна абраным прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь. У ЕК няма практыкі каментаваць заявы звычайных грамадзянаў", - сказала ў аўторак у Брусэлі агенцтву "Інтэрфакс-Украіна" крыніца ў Еўрапейскай камісіі.
Акрамя таго, суразмоўца агенцтва таксама заявіў, што інфармацыя пра нібыта ўмову, вылучаную Ж. М. Барозу ўдзельнічаць у Чарнобыльскім саміце выключна ў выпадку адсутнасці А. Лукашэнкі, не адпавядае рэчаіснасці. "Такая ўмова ніколі не вылучалася. Не зразумела, каму выгадна тыражаваць хлуслівую інфармацыю", - сказала крыніца.
Афіцыйны прадстаўнік ЕК Аліўе Балі пацвердзіў агенцтву пазіцыю Еўракамісіі не каментаваць заяву А. Лукашэнкі.