Лукашэнка "расследуе" - МУС пацвярджае
- 27.04.2011, 11:48
Кіраўнік МУС Беларусі Анатоль Куляшоў заявіў, што абвінавачаныя ў здзяйсненні тэракту ў метро падазраюцца ў планаванні яшчэ трох выбухаў у Менску.
"Гэта яны. Яны планавалі выбухі. Выбухі павінныя былі адбыцца ў Менску", - сказаў кіраўнік МУС Анатоль Куляшоў у сераду журналістам у Менску, перадае "Інтэрфакс Захад".
А. Куляшоў не ўдакладніў тэрмінаў прад'яўлення абвінавачвання затрыманым па падазрэнні ў здзяйсненні тэракту ў менскім метро, аднак падкрэсліў, што гэта будзе зроблена тады, калі будуць сабраныя ўсе неабходныя доказы.
"Цяпер ідзе не толькі адзнака, але і дадатковы збор доказаў. Прызначаны шэраг экспертыз, у тым ліку крыміналістычных і хіміка-тэхнічных, а гэты працэс патрабуе тэрмінаў, каб зрабіць экспертызы і зрабіць высновы", - растлумачыў міністр.
Таму, падкрэсліў ён, зараз немагчыма з дакладнасцю назваць дату, калі будзе прад'яўленае абвінавачванне і перададзеная справа ў суд.
А. Куляшоў заўважыў, што па звычайных злачынствах абвінавачванне павіннае быць прад'яўленае ў тэрмін да 10 сутак, а па справах такой катэгорыі - да 20 сутак.
"З 11 красавіка, вы самі ведаеце, колькі мінула часу, і я магу вам сказаць, што без прад'яўлення абвінавачвання ні адзін чалавек у СІЗА не будзе знаходзіцца", - дадаў кіраўнік МУС.
Ён падкрэсліў, што "раз ёсць факты, значыць, ёсць падставы, ёсць важкія довады для прад'яўлення абвінавачвання і перадачы справы ў суд".
Раней Аляксандр Лукашэнка заявіў аб тым, што праваахоўнымі органамі рэспублікі былі папярэджаныя тры новыя тэракты. Зламыснікі планавалі здзейсніць іх у цягніку, у аўтобусе і на аўтобусным прыпынку.
Міністр таксама паведаміў, што ўзбуджаная крымінальная справа ў дачыненні да супрацоўнікаў МУС па факце халатнасці. "Справа ўзбуджаная толькі па факце халатнасці ў дачыненні да супрацоўнікаў МУС, як стаў магчымы гэты выбух, чаму яны яго не прадухілілі", - сказаў А. Куляшоў.
Ён растлумачыў, што справа была ўзбуджаная пасля службовай праверкі. "Будзе дадзеная адзнака ўсім службовым асобам МУС, пасля чаго мы будзем ведаць ступень іх віны ў тым, што здарылася", - сказаў міністр.