Тарас Чарнавіл: Лукашэнка неадэкватны
- 27.04.2011, 19:49
Сябар камісіі па замежных справах Вярхоўнай Рады Украіны Тарас Чарнавіл лічыць, што для Віктара Януковіча болей разумна праігнараваць ўчорашнія заявы Аляксандра Лукашэнкі.
Зрэшты, сам палітык пракаментаваў іх даволі жорстка:
- Заявы ў прынцыпе абсалютна неадэкватныя. Паводзіны ў апошні час ў прэзідэнта Беларусі таксама нейкія дзіўныя. Маючы вельмі добрыя прэферэнцыі перад прэзідэнцкімі выбарамі, калі Еўразвяз шмат на што гатовы быў заплюшчыць вочы, трэба было проста карэктна прайсці выбарчы марафон і не дапусціць якіх-небудзь жорсткіх дзеянняў, якія, праўда, усё ж адбыліся. І можна было атрымаць індульгенцыю за вельмі многія злачынствы, здзейсненыя да гэтага.
Замест гэтага робіцца абсалютна дзікае зверства, зараз - неадэкватныя заявы. І гэта на фоне таго, што галоўны козыр беларускага кіраўніцтва аб самых лепшых умовах жыцця, самых нізкіх коштах, самых лепшых умовах працы сёння пачынае патроху раставаць. Таму думаю, што ў такіх умовах да гэтага можна ставіцца як да неадэкватнай нервовасці, якая на самой справе выглядае вельмі і вельмі дурна, - цытуе Тараса Чарнавіла Радыё «Свабода».