Дашкевічу дазволілі развітацца з маці толькі ў моргу
- 28.04.2011, 13:29
28 красавіка асуджаны лідэр арганізацыі «Малады фронт» Зміцер Дашкевіч развітаўся з маці Вольгай Дашкевіч у моргу Слуцкай раённай бальніцы (Менская вобласць).
Як паведаміла БелаПАН Наталля Ясевіч, сябар сям'і Дашкевічаў, са згоды суда Маскоўскага раёна сталіцы і адміністрацыі Менскага СІЗА № 1 МУС раніцай 28 красавіка Зміцер Дашкевіч пад канвоем быў дастаўлены да поўдня ў Слуцк, а пасля развітання з маці вернуты ў СІЗА.
54-гадовая Вольга Дашкевіч сканала 26 красавіка ад спынення сэрца ў сваім доме ў Старых Дарогах (Менская вобласць). Яе пахаванне пройдзе сёння ў другой палове дня ў Старых Дарогах.
Вольга Дашкевіч нарадзілася ў Ельскім раёне Гомельскай вобласці. У яе не было хранічных хвароб, аднак, па словах сяброў, апошнія месяцы жанчына вельмі перажывала за лёс сына - 29-гадовага лідэра «Маладога фронту». Ён быў затрыманы 18 снежня 2010 года ў Менску, а ў сакавіку 2011 года прысуджаны да двух гадоў калоніі нібыта за здзяйсненне злоснага хуліганства - збіццё двух невядомых. Прычым Вольга Дашкевіч не змагла прысутнічаць на судзе. У 2006-2008 гадах Зміцер Дашкевіч ужо адбываў пакаранне - паўтара гады турмы за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
Вольга і Вячаслаў Дашкевічы пражылі разам 32 гады, працавалі журналістамі і шмат падарожнічалі, жылі на Далёкім Усходзе. Аднак нараджаць сына Вольга Дашкевіч прыехала ў Беларусь, а пасля зноў вярнулася з мужам у Магадан.
28 красавіка ў 20.00 ля сталічнага Чырвонага касцёла (касцёла Святых Сымона і Алены) жонкі палітвязняў плануюць правесці набажэнства ў памяць аб Вользе Дашкевіч.