Нацбанк адмяніў рэкамендацыі па курсаўтварэнні на пазабіржавым рынку
- 28.04.2011, 13:39
Вусная рэкамендацыя НББ выклікала практычна поўнае спыненне ўгод на пазабіржавым рынку.
Нацыянальны банк Беларусі (НББ) у чацвер адмяніў вусныя рэкамендацыі камерцыйным банкам па лімітавым значэнні курсу беларускага рубля да даляра ЗША на пазабіржавым рынку ў межах Br4, 5 тыс./$1, паведаміў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» удзельнік валютнага рынку.
«Сёння пазабіржавы рынак абсалютна вольны», - сказаў суразмоўца, спаслаўшыся на вядомую яму пазіцыю НББ.
Як паведамлялася, 21 красавіка НББ у вуснай форме рэкамендаваў банкам прытрымлівацца абменнага курсу на пазабіржавым рынку ў межах Br4,5 тыс./$1. Дадзеная рэкамендацыя паступіла ў банкі пасля таго, як 19 красавіка прадстаўнік кіраўніцтва НББ публічна заявіў аб зняцці абмежаванняў па курсаўтварэнні на пазабіржавым рынку і чаканым пачатку рынкавых валютных таргоў на біржы паралельна з таргамі, на якіх ажыццяўляецца абавязковы продаж часткі валютнай выручкі (30%). Да гэтага дзейнічала норма, якая прадугледжвае, што курс продажу замежнай валюты на пазабіржавым рынку не можа перавышаць курс НББ больш чым на 10%.
26 красавіка НББ паведаміў, што лічыць немэтазгодным правядзенне альтэрнатыўнай гандлёвай сесіі на біржы з-за адсутнасці неабходных тэхнічных рашэнняў і эканамічных умоваў.
Раней таксама паведамлялася, што вусная рэкамендацыя НББ выклікала практычна поўнае спыненне ўгод на пазабіржавым рынку. Банкі здзяйснялі адзінкавыя ўгоды. Пры гэтым дзяржбанкі выконвалі рэкамендаваны рэгулятарам абменны курс, працуючы з дзяржпрадпрыемствамі, а прыватныя банкі выкарыстоўвалі розныя схемы абыходу гэтай рэкамендацыі і ў выніку абменны курс на пазабіржавым рынку дасягаў Br5,4-5,5 тыс./$1.