BE RU EN

Міжнароднага праваабаронцу на судзе затрымалі супрацоўнікі КДБ

  • 28.04.2011, 16:05

28 красавіка падчас ажыццяўлення маніторынгу суда над удзельнікамі падзеяў 19 снежня супрацоўнікі КДБ затрымалі назіральніка ад Міжнароднай назіральнай місіі.

Затрыманню ў Кастрычніцкім раённым судзе горада Менска падвергнуўся ўдзельнік міжнароднага Моладзевага Праваабарончага Руху, грамадзянін РФ Іван Кандраценка. У дадзены момант Іван знаходзіцца ў Маскоўскім РУУС.

Затрыманне адбылося каля 13:30 па Менску падчас перапынку ў слуханні па крымінальнай справе Уладзіміра Хамічэнкі, Зміцера Дразда, Алеся Кіркевіча, Андрэя Пратасені і Паўла Вінаградава, абвінавачаных па ч. 1 арт. 293 КК РБ (арганізацыя масавых беспарадкаў).

Да Івана Кандраценкі падышлі каля пяці чалавек у цывільным (як мяркуецца, супрацоўнікі КДБ), праверылі дакументы і павезлі ў райаддзел міліцыі. Пры гэтым на выхадзе з залы суда праваабаронцу спынілі і пыталіся, здымаючы на ​​камеру, аб мэтах ягонага прыбыцця ў Беларусь.

У аддзяленні міліцыі ў Кандраценка адабралі пашпарт і тэлефон з беларускай sim-карткай. Некаторы час з ім можна было звязацца па ягоным асабістым расейскім нумары, але неўзабаве сувязь абарвалася. Перад гэтым праваахоўнікі паведамілі, што правяраюць ягоны пашпарт "на сапраўднасць".

На дадзены момант незразумелая прычына затрымання праваабаронцы і ягонага дастаўлення ў РУУС, а таксама ягоны прававы статус.

Апошнія навіны