BE RU EN

Калгасам на пасяўную надрукуюць яшчэ 1,2 трлн рублёў

  • 28.04.2011, 16:36

Фінансаванне вясновай пасяўной кампаніі гэтага года павялічылася на 1,2 трлн рублёў - да 4,8 трлн.

Аб гэтым паведаміў на прэс-канферэнцыі 28 красавіка ў Менску намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Васіль Паўлоўскі, перадае БелаПАН.

Гэта адбылося, па ягоных словах, "у сувязі з падаражэннем паліва і матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў (тэхнікі і запчастак)".

Чыноўнік адзначыў, што на правядзенне вясновай пасяўной кампаніі Менскі гарвыканкам выдзеліў Мінсельгасхарчу гадавую пазыку ў 100 мільярдаў рублёў, 200 мільярдаў міністэрства ўзяло ў крэдыт, яшчэ 400 было выдаткавана з абласных бюджэтаў і сельгаспрадпрыемстваў.

"Банкамі тыя крэдытныя рэсурсы, якія планаваліся па паліву і па набыцці тэхнікі, на сённяшні дзень выконваюцца, - сказаў Паўлоўскі. - На сённяшні дзень фінансаванне складае 2,8 трыльёна рублёў, гэта значыць, што вялікая частка прафінансаваная. Але гэта не гаворыць аб тым , што ўсе 4,8 трыльёна павінныя быць накіраваны да мая".

Частка сродкаў, па словах намесніка міністра, будзе накіраваная на набыццё апырсквальнікаў, машын для ўнясення мінеральных угнаенняў, а таксама на сродкі абароны раслін, якія будуць унесеныя ў чэрвені-ліпені, і дадатковыя мінеральныя ўгнаенні.

Адметнай асаблівасцю пасяўной кампаніі гэтага года чыноўнік назваў той факт, што забяспечанасць сельскай гаспадаркі дасягне 100% неабходнага аб'ёму.

"За апошнія пяць гадоў мы не мелі стоадсоткавага забеспячэння, - сказаў ён. - Цяпер у нас фосфару 102%, калію - 104% (па асобных абласцях і раёнах - 110%), азоту - 89%".

Паўлоўскі адзначыў, што на працягу мая павінна быць набыта яшчэ 55 тысяч тон азотных угнаенняў - аб'ём, які давядзе ўзровень забяспечанасці ў мінеральных угнаеннях да стоадсоткавага ўзроўню.

Апошнія навіны