Ля Гадзіннікавага завода затрыманы актывіст «Еўрапейскай Беларусі»
- 29.04.2011, 18:34
Сёння ля прахадной Менскага гадзіннікавага завода «Луч» быў затрыманы сябра прафсаюза РЭП і актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Рагоўскі Алег.
1 мая на пляцоўцы парку Дружбы Народаў адбудзецца санкцыянаваны ўладамі горада мітынг, прымеркаваны да Свята працоўных. Для інфармавання супрацоўнікаў найбуйнейшых прадпрыемстваў, сябры прафсаюза РЭП раздавалі ля прахадных ўлёткі з заклікам прыйсці на мерапрыемства.
Сябры прафсаюза Алег Рагоўскі і Аляксандр Валанцэвіч раздавалі друкаваныя матэрыялы ля МГЗ. Аляксандр стаяў бліжэй да прыпынку грамадскага транспарту, а Алег знаходзіўся непасрэдна ля завода, паміж уваходам у офіс МТС і прахадной. З дзвярэй офіса тэлефоннай кампаніі выйшаў ахоўнік і запрасіў Алега зайсці ўнутр. Пасля чаго без тлумачэння прычын выклікаў нарад міліцыі, хоць Алег і прад'явіў яму пасведчанне прафсаюза РЭП, паведамляе прэс-служба «Еўрапейскай Беларусі».
Цяпер Алег Рагоўскі дастаўлены для допыту ў Першамайскае РУУС г. Менска, аб чым ён паспеў паведаміць па мабільным тэлефоне.