BE RU EN

Сакрэтная рэзідэнцыя Лукашэнкі на запаведным возеры

  • 6.04.2011, 11:11

На беразе ўнікальнага возера Паўночны Волас на Браслаўшчыне будуюць чарговую рэзідэнцыю для Лукашэнкі.

Некалькі дзён таму журналіст "Вестак" сустрэўся з чалавекам, які мае дачыненне да гэтай будоўлі. На ўмовах ананімнасці ён распавёў пра новы аб'ект.

"Каб зрабіць прыстань, былі завезеныя тысячы тон пяску. Рэзідэнцыя будзе акружаная пяццю кіламетрамі агароджы з бярвення, кожны пралёт якой каштуе 1 млн. 200 тысяч беларускіх рублёў. Там будуць пастаянна працаваць шэсцьдзесят чалавек абслугоўваючага персаналу", - распавёў суразмоўца.

Па словах суразмоўцы, завяршыць будоўлю плануецца ў траўні. Бліжэйшымі днямі на аб'ект накіруецца брыгада з трохсот чалавек, якія будуць займацца аддзелкай будынкаў.

Для аб'екта выбрана ўнікальнае месца - тэрыторыя заказніка "Міжазёрны", дзе дагэтуль забаранялі нават разводзіць вогнішчы і прыязджаць на аўтамабілях. Лекавыя гліны возера Паўночны Волас параўноўваюць з глінамі Мёртвага мора.

Пра будоўлю не паведамляецца грамадскасці. Узвядзенне рэзідэнцыі ў запаведным месцы ў час, калі краіна перажывае фінансавыя праблемы, можа выклікаць неразуменне ў людзей.

Апошнія навіны