Гары Паганяйла: Абвінавачванні ў дзяржаўным перавароце павінныя быць прад'яўленыя Лукашэнку
- 6.04.2011, 15:48
МУС прытрымліваецца ранейшай версіі, што падзеі 19 снежня 2010 года ў Менску - гэта спроба дзяржаўнага перавароту.
Старшыня юрыдычнай камісіі РПГА "Беларускі Хельсінскага камітэта" Гары Паганяйла прытрымліваецца супрацьлеглага пункту гледжання, піша "Беларускі партызан".
На думку праваабаронцы, такія абвінавачванні павінныя быць прад'яўленыя цяперашняму кіраўніцтву краіны, а не апазіцыі.
- Ідзе рэалізацыя сцвярджэнняў, зробленых адным чалавекам, які адразу пасля 19 снежня даў менавіта такую кваліфікацыю ўсіх падзей. І гэтая кваліфікацыя настойліва і метадычна распаўсюджваецца афіцыйнай прапагандай. Гэты чалавек публічна заявіў аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады, што ніткі змовы вядуць у Германію і Польшчу. Сцвярджаў, што толькі жорсткія дзеянні праваахоўных органаў прадухілілі дзяржаўны пераварот у краіне, і ўсе засталіся жыць у ранейшай «квітнеючай і спакойнай» Беларусі.
Менавіта таму ўзбуджаныя крымінальныя справы аб масавых беспарадках. Пакуль нам невядома, каб прад'яўляліся абвінавачванні пра змову, аб спробе неканстытуцыйнага захопу ўлады. Аднак, нягледзячы на поўную адсутнасць доказнай базы, ужо вынесеныя пяць абвінаваўчых прысудаў, па тром асуджаным (Атрошчанкаву, Малчанаву, Новіку) учора прысуд уступіў у законную сілу.
Зададзенасць нашых судоў зразумелая - яны выконваюць волю «Гаспадара». Таму працэсы ідуць поўным ходам, і будуць ісці. І суды, і пракуратура, і МУС сталі закладнікамі гэтай зададзенасці. Няма і быць не можа незалежнага аб'ектыўнага расследавання, няма і быць не можа аб'ектыўнага і непрадузятага пракурорскага нагляду, няма і быць не можа бесстаронняга разгляду гэтых спраў у судах. Лукашэнка імкнецца ўсім паказаць, што ён - адзіны гаспадар у краіне, таму ўсе ягоныя публічныя выказванні прыводзяцца да неадкладнага выканання. Менавіта таму адбываецца ўдушэнне адвакатуры - апошняга адносна незалежнага інстытута, які ў ходзе разгляду дадзеных крымінальных спраў спрабуе супрацьпаставіць іншыя версіі.
- Калі зыходзіць з кваліфікацыі МУС, то па якім артыкуле павіннае прад'яўляцца абвінавачанне?
- Гэта артыкул 357 Крымінальнага кодэксу - змова ці іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам і ўтрыманне дзяржаўнай улады, захопленай неканстытуцыйным шляхам. Гэта як раз тыя злачынствы, у якіх мы вінавацім Лукашэнку і ягоную кліку. Я пішу адпаведныя звароты і ў КДБ, і ў пракуратуру, і ў абедзве палаты Нацыянальнага сходу, Цэнтральную выбарчую камісію, у Канстытуцыйны і Вярхоўны Суды Беларусі, хоць выдатна разумею: ні адна галіна ўлады не возьмецца разглядаць праблему неканстытуцыйнага захопу дзяржаўнай улады спадаром Лукашэнкам і ягоным бліжэйшым асяроддзем.
Антыканстытуцыйныя рэферэндумы (1996 і 2004 гадоў), прывялі да таго, што Лукашэнка засяродзіў ўсю паўнату ўлады ў сваіх руках, апынуўся дэ-факта адзіным незмяняльным кіраўніком дзяржавы пажыццёва. Палітычна матываваныя выкраданні апанентаў улады (магчыма, пазасудовыя смяротныя пакаранні), сфальсіфікаваныя выбары 2001, 2006, 2010 гадоў - гэта звёны аднаго ланцуга злачынстваў, якія можна кваліфікаваць як незаконнае ўтрыманне дзяржаўнай улады, захопленай неканстытуцыйным шляхам.
- Чаму так спешна заканчвалася следства па крымінальных справах аб "масавых беспарадках" і справы перадаваліся ў суды?
- Цяпер Лукашэнку трэба даказаць, што ягоныя публічныя выказванні пацвердзіліся і падзеі 19 снежня былі ацэненыя правільна - як спроба неканстытуцыйнага захопу ўлады. Што нібыта рыхтаваўся захоп ўрадавага будынку, арганізаваныя масавыя беспарадкі з мэтай накіраваць энергію шалёнага натоўпу на захоп гэтай самай улады. Лукашэнка спрабуе адвесці ад сябе падазрэнні ў антыканстытуцыйных і дыктатарскіх памкненнях. У краіне ўсталяваны палітычны рэжым, які можна ацаніць як таталітарны, г.зн. калі дзяржава імкнецца да поўнага (татальнага) кантролю над усімі бакамі жыцця грамадства. Вось на што накіраваная сама ідэя.
Калі суды асудзяць, можна будзе прыкрывацца тым, што «не я, а суды судзілі»; і пачынаць гандаль з Захадам. Давайце, маўляў, заплюшчым вочы на тое, што адбылося ў Беларусі 19 снежня 2010 года і працягнем мець справу толькі са мной - усё роўна я застаюся адзіным рэальным палітыкам у Беларусі. Дамаўляйцеся са мной, не майце ніякіх адносінаў з апазіцыяй, яна раздушаная. Такі пасыл.
Лукашэнка лічыць, што з апазіцыяй скончана. Але, думаю, ён памыляецца. І цяпер апазіцыя, дэмакратычная частка грамадства, павінныя сабраць усе свае сілы, каб заняцца рэальнай справай - адхіленнем Лукашэнкі ад улады.