Лябедзька адпушчаны з СІЗА КДБ
- 7.04.2011, 11:14
Лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька позна ўвечары 6 красавіка быў адпушчаны са следчага ізалятара КДБ пад падпіску аб нявыездзе.
Як паведаміў БелаПАН начальнік Цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Аляксандр Антановіч, лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька позна ўвечары 6 красавіка быў адпушчаны са следчага ізалятара КДБ пад падпіску аб нявыездзе.
Нагадаем, падчас прэзідэнцкай кампаніі Анатоль Лябедзька быў даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты ад АГП Яраслава Раманчука. З'яўляецца фігурантам так званай крымінальнай справы аб "масавых беспарадках" у Менску 19 снежня.
Лідэр АГП быў затрыманы ў сталіцы ў ноч з 19 на 20 снежня ва ўласнай кватэры і дастаўлены ў СІЗА КДБ. 22 снежня стала вядома, што ў знак пратэсту супраць свайго незаконнага затрымання Лябедзька абвясціў галадоўку, аднак неўзабаве спыніў яе па просьбе жонкі. Адвакат Лябедзькі не меў магчымасці сустрэцца з падабаронным з 29 снежня. Сустрэча Лябедзькі з адвакатам адбылася толькі 23 сакавіка.
Нагадаем, раней пад падпіску аб нявыездзе з СІЗА КДБ былі адпушчаныя кандыдаты ў прэзідэнты Віталь Рымашэўскі і Алесь Міхалевіч, рэдактарка сайта charter97.org Наталля Радзіна, кіраўнік выбарчага штаба Уладзіміра Някляева Андрэй Дзмітрыеў і актывіст кампаніі «Гавары праўду!» Сяргей Вазняк.
Яшчэ два фігуранты крымінальнай справы аб масавых беспарадках былі адпушчаныя з СІЗА КДБ пад хатні арышт - кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў і журналістка расейскай «Новой газеты» Ірына Халіп, жонка кандыдата Андрэя Саннікава.