BE RU EN

Беларускія банкі спыняюць абслугоўванне рублёвых картак за мяжой

  • 7.04.2011, 18:31

Колькасць банкаў, якія спынілі абслугоўванне аперацый па пластыкавых картках ў беларускіх рублях за межамі рэспублікі, або плануюць зрабіць гэта ў бліжэйшы час, павялічылася да чатырох.

"З 11 красавіка 2011 г. за межамі Беларусі спыняюцца аперацыі (зняццё наяўных, аплата тавараў і паслуг) з дапамогай банкаўскіх пластыкавых картак ЗАТ "Трастбанк", адкрытых у беларускіх рублях", - гаворыцца ў паведамленні на сайце банка.

Аб тым, што з 8 красавіка будуць "часова прыпыненыя" разлікі за мяжой па картках ў беларускіх рублях, паведамляе і БТА Банк. Пакуль жа па дадзеных картках усталяваныя ліміты ў памеры $200 на суткі.

Раней Банк Масква-Мінск апавясціў кліентаў, што "ў сувязі з сітуацыяй, якая склалася на ўнутраным валютным рынку Беларусі з 4 красавіка 2011 года Банк Масква-Мінск вымушана прыпыняе апрацоўку расходных аперацый, здзейсненых за межамі Беларусі". Гэта абмежаванне датычыцца толькі картак, што выпушчаныя да рахункаў у беларускіх рублях.

Часова спыненыя ўсе аперацыі за мяжой і па рублёвых картках Банка ВТБ (Беларусь).

Многія банкі, якія працягваюць абслугоўваць пластыкавыя карткі ў беларускіх рублях за мяжой, увялі сутачныя і тыднёвыя ліміты па сумах зняцця наяўных і безнаяўных аперацый, перадае "Інтэрфакс Захад".

У прыватнасці, з 5 красавіка Белінвестбанк часова увёў абмежаванні на выкарыстоўванне за мяжой пластыкавых картак з рахункам у беларускіх рублях (за выключэннем Visa Platinum): атрыманне наяўных - не больш за $500 (на суткі) або $2 тыс (за 7 дзён); ажыццяўленне безнаяўных аперацый - не больш за $700 (на суткі) або $3 тыс (за 7 дзён).

Кліенты Белрасбанка 7 красавіка атрымалі паведамленні, у якіх паказваецца, што дзённы ліміт па картцы ў беларускіх рублях за мяжой складае Br310 тыс на зняццё наяўных і таксама Br310 тыс на правядзенне безнаяўных плацяжоў.

Аб часовым усталяванні для рублёвых картак дзённага ліміту выдачы наяўных у эквіваленце $50 за межамі Беларусі з 8 красавіка, гаворыцца і ў паведамленні ЗАТ "РРБ-Банк". Разам з тым, там падкрэсліваецца, што "аперацыі аплаты тавараў/паслуг праводзяцца без абмежаванняў, у тым ліку за межамі Беларусі".

Апошнія навіны