"Малочная вайна" адмяняецца. Беларусь пайшла на саступкі
- 8.04.2011, 11:37
Беларусь з 1 мая можа прыпыніць пастаўкі сухога малака ў Расею.
У сумеснай заяве міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі і Нацыянальнага саюза вытворцаў малака ("Саюзмалако") адзначана, што дамоўленасць аб гэтым дасягнутая на сумеснай нарадзе ў Менску, паведамляюць Вести.
На нарадзе выпрацаваныя "правілы гульні" вытворцаў малака дзвюх краін на рынку Мытнага саюза, паведамляе "Інтэрфакс". Абмежаванне паставак сухога малака накіраванае на "захаванне стабільнасці малочнага рынку Мытнага саюза". "Пастаўкі будуць адноўленыя па ўзаемнай згодзе", - удакладняюць бакі.
Па дадзеных "Саюзмалако", вытворчасць сырога малака ў Расеі ў летнія месяцы ўзрастае на 30%, расце і вытворчасць сухога малака. Як правіла, асноўны аб'ём сухога малака - да 80% (132 тыс. тон) - выпрацоўваюць у вясенне-летні перыяд, які лічаць сезонам "вялікага малака".
У сувязі з гэтым "Саюзмалако" лічыць мэтазгодным перанос паставак малочнай прадукцыі з Беларусі, перш за ўсё сухога малака, на асенне-зімовы перыяд.
Па зацверджаным паміж Расеяй і Беларуссю балансе гандлю, у гэтым годзе аб'ём паставак беларускага сухога малака ў Расею вызначаны на ўзроўні 85 тыс. тон (65 тыс. тон - сухое абястлушчанае і 20 тыс. тон - сухое цэльнае малако).
Усяго ў Расеі вырабляюць каля 165 тыс. тон сухога абястлушчанага і сухога суцэльнага малака агульным коштам 24,5-27,2 млрд рублёў.
Напярэдадні сезона "вялікага малака" бакі дамовіліся, у выпадку неабходнасці, змяніць аб'ёмы паставак малака і малочнай прадукцыі па часе ў межах балансу гандлю на 2011 год.
"Кожны тыдзень, у фармаце селектарных нарад, прадстаўнікі міністэрстваў сельскай гаспадаркі дзвюх краін і "Саюзмалако" будуць подправлять аб'ёмы паставак і рэкамендуемыя кошты на малочную прадукцыю ў адпаведнасці з сітуацыяй на рынку. У бліжэйшы час будуць перагледжаныя рэкамендуемыя кошты на сметанковае масла і закупачныя кошты на малако у бок павышэння", - адзначана ў сумеснай заяве бакоў.
Абодва бакі лічаць неабходным узмацніць нагляд за выкананнем тэхрэгламенту на малако і малочную прадукцыю, асабліва ў частцы выкарыстання раслінных тлушчаў трапічнага паходжання і ў частцы маркіроўкі.
Бакі імкнуцца не дапускаць выкарыстання раслінных тлушчаў замест малочных. "Неабходна больш дэталёва і жорстка прапісаць патрабаванні да вытворчасці і маркіроўкі малаказмяшчальных і раслінна-малаказмяшчальных прадуктаў", - падкрэсліваецца ў заяве.
Удзельнікі нарады дамовіліся, што ММВБ сумесна з Беларускай універсальнай таварнай біржай прапрацуюць парадак забеспячэння допуску упаўнаважаных кампаній да біржавых таргоў на Нацыянальнай таварнай біржы Расеі. Пачатак таргоў малочнымі прадуктамі адбудзеццы напрыканцы красавіка.
Па словах старшыні праўлення Нацыянальнага саюза вытворцаў малака Андрэя Даніленкі, "Расея і Беларусь сапраўды сталі "малочнымі партнёрамі". "Цяпер нашыя дзеянні будуць узгодненымі і арыентаванымі на забеспячэнне агульнай харчовай бяспекі ў межах Мытнага саюза ", - падкрэсліў ён. На думку кіраўніка Мінсельгасхарча Беларусі Міхаіла Русага, такі досвед узаемадзеяння можа быць карысным і для іншых прадпрыемстваў сельскай гаспадаркі.