Рада міністраў замежных спраў ЕЗ абмяркуе сітуацыю ў Беларусі 12 красавіка
- 8.04.2011, 13:22
Чарговае пасяджэнне Рады міністраў замежных спраў Еўразвяза пройдзе ў Люксембургу 12 красавіка.
У парадак дня пасяджэння Рады міністраў замежных спраў для абмеркавання ўключаныя пытанні аб развіцці сітуацыі ў Лівіі, на Блізкім Усходзе, Паўднёвым Каўказе і ў Беларусі, а таксама пытанні захавання правоў чалавека. Больш падрабязная позва пакуль не апублікаваная, паведамляе БелаПАН са спасылкай на афіцыйны сайт Рады ЕЗ.
Са спасылкай на падрыхтаваны ў МЗС Літвы дакумент, інтэрнэт-рэсурс Delfi паведамляе, што на пасяджэнні Рады плануецца абмеркаваць прымяненне эканамічных санкцый у дачыненні да Беларусі. «У першую чаргу трэба ўсталяваць мэты такіх мер, мадальнасць і іх магчымае дзеянне. Таксама неабходна прадугледзець і выпадкі іхняга адзыву, калі сітуацыя ў Беларусі будзе мяняцца. Мы не ўхваляем тыя эканамічныя санкцыі, з-за якіх могуць пацярпець грамадзяне Беларусі», - цытуе партал дакумент, падрыхтаваны МЗС Літвы і перададзены ўраду.