МТС сыдзе з Беларусі, калі не атрымае кантроль над "дачкой"
- 8.04.2011, 16:08
ААТ "Мабільныя Тэлесістэмы" (МТС) гатовае выставіць на таргі свой 49%-ный пакет у беларуска-расейскім СП "МТС" адначасова разам з доляй дзяржавы.
"У выпадку, калі ўрад Беларусі выставіць свой пакет на міжнародныя таргі па кошце $1 млрд, мы не выключаем, што адначасова выставім і свой пакет па адпаведным кошце", - паведаміла "Інтэрфаксу" прадстаўнік расейскай кампаніі Алена Каханоўская.
Пры гэтым яна адзначыла, што МТС па-ранейшаму зацікаўлены ў развіцці свайго бізнесу ў Беларусі і выкупе дзярждолі ў СП, але па "разумным кошце".
Беларусь выстаўляе сваю 51%-ую долю ў СП з МТС на міжнародныя таргі, паведаміў у пятніцу віцэ-прэм'ер урада Анатоль Калінін.
Ён адзначыў, што МТС прапаноўвалі набыць гэты пакет, але бакі не сышліся ў кошце.