Андрэй Саннікаў скончыў знаёміцца са справай, віны не прызнае
- 9.04.2011, 1:12
Кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў позна ўвечары ў пятніцу скончыў знаёмства са сваёй крымінальнай справай.
Аб гэтым паведамілі агенцтву «Інтэрфакс Захад» ягоныя адвакаты Марына Кавалеўская і Андрэй Варвашэвіч.
«Са справай Андрэй Алегавіч азнаёміўся, віну не прызнае», адзначылі адвакаты. Па словах абаронцаў, А. Саннікаў назваў абвінавачанне «абсурднай складанкай на зададзеную тэму».
Абарона падала хадайніцтва з патрабаваннем крымінальны пераслед спыніць, а меру стрымання змяніць на больш мяккую. Калі хадайніцтвы не будуць задаволеныя, абаронцы будуць звяртацца ў пракуратуру.
А. Саннікаў абвінавачваецца ў арганізацыі так званых «масавых беспарадкаў» у Менску 19 снежня ў ноч пасля прэзідэнцкіх выбараў. Яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.