BE RU EN

Дашкевіча адправяць у калонію ў Горках

  • 1.05.2011, 13:46

Вызначана калонія, дзе будзе адбываць пакаранне лідэр «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч.

Зміцер Дашкевіч будзе адбываць свой тэрмін зняволення ў калоніі ў райцэнтры Горкі Магілёўскай вобласці. Пра гэта «Радыё Свабода» паведаміла 30 красавік Анастасія Палажанка з «Маладога фронту».

З апошняга ліста Дашкевіча Палажанка таксама даведалася, што яго перавялі ў іншую камеру, з горшымі ўмовамі ўтрымання. У гэтай камеры знаходзіцца 40 зняволеных, у паловы няма сваіх нараў, адпаведна спяць зняволеныя па чарзе.

Нязручнасці ў турэмных умовах супалі для Дашкевіча з цяжкім перыядам у асабістым жыцці - нядаўна ў Зміцера памерла маці. Анастасія Палажанка кажа, што трэба дамагацца, каб суддзі, разглядаючы касацыйную скаргу зняволенага, ўлічылі новыя акалічнасці.

«Асабіста буду хадзіць па ўсіх гэтых інстанцыях і патрабаваць, бо ў Зміцера застаўся адзін бацька-інвалід, які жыве ў Старых Дарогах. З другой ступенню інваліднасці, з пратэзам нагі чалавек. Яму безумоўна складана знаходзіцца аднаму, амаль нерэальна. Патрэбны чалавек, які б за ім прыглядаў. І таму мы спадзяемся, што гэта нейкім чынам паўплывае на касацыйную скаргу, або на далейшыя абскарджанні прысуду», - кажа актывістка.

Апошнія навіны