BE RU EN

Нацбанк не дасць валюту для продажу ў абменніках

  • 11.05.2011, 11:14

Нацбанк не будзе прадаваць валюту камерцыйным банкам для абменных пунктаў.

«Нацыянальны банк не будзе прадаваць валюту і чапаць свае золатавалютныя рэзервы. Банкі змогуць купіць валюту там, дзе захочуць - на біржавым альбо пазабіржавых рынках», - заявіў БелаПАН прадстаўнік Нацбанка.

Ён адзначыў, што рашэнне аб адмене рэкамендацыйных абмежаванняў прынятае ў сувязі з сітуацыяй, якая склалася на наяўным валютным рынку, а таксама з мэтай выхаду на адзіны курс беларускага рубля.

«Дадзенае рашэнне было прынятае па некалькіх прычынах. Па-першае, ставіцца задача выйсці на адзіны курс беларускага рубля на ўсіх сегментах валютнага рынку. Па-другое, не спадае ажыятажны попыт насельніцтва на валюту, якое імкнецца купіць яе без бачных прычынаў», - растлумачыў прадстаўнік Нацбанка.

У галоўным банку краіны спадзяюцца на тое, што адмена рэкамендацыйных абмежаванняў дазволіць ліквідаваць чорны валютны рынак, які ўтварыўся ў сувязі з дэфіцытам валюты на наяўным рынку. Там таксама лічаць, што адмена абмежаванняў на валютным рынку дазволіць збіць ажыятажны попыт насельніцтва на валюту.

«Нават калі банкі выставяць курс з разліку чатыры тысячы рублёў за даляр, то насельніцтва задумаецца, ці патрэбная валюта па такім курсе», - лічаць у Нацбанку.

11 мая Нацыянальны банк адмяніў рэкамендацыйныя абмежаванні па ўсталяванні банкамі курсаў угод па куплі-продажу замежнай валюты з насельніцтвам. Раней курс абмену валют на наяўным рынку, згодна з рэкамендацыямі Нацбанка, не перавышаў афіцыйны больш чым на 2%.

Апошнія навіны