Станіслаў Шушкевіч: Больш злачыннай структуры за наш суд – няма
- 12.05.2011, 12:36
"Яны не суддзі а чыноўнікі. І яны мусяць засудзіць – гэта іхная задача", – заявіў Станіслаў Шушкевіч, каментуючы хаду працэсаў над удзельнікамі Плошчы.
“Сорам, што нават маладых дзяўчат прыцягваюць да такой справы. Іх падводзяць да кармушкі ды кажуць: мы цябе да кармушкі не пусцім больш, калі ты будзеш судзіць справядліва”, – кажа першы кіраўнік беларускай дзяржавы.
Палітык таксама зазначае, што беларусам бракуе праўдзівай інфармацыі і пра суды, і пра саму Плошчу. Паводле Станіслава Шушкевіча, беларускае грамадства “атручваюць фальшываю інфармацыяй пра бандытызм і дзяржаўны пераварот”. “Які тут можа быць пераварот, калі нармальныя людзі, інтэлігенцыя, гонар нацыі, якія, ведаючы, што будуць падробкі ды фальсіфікацыі, хацелі паказаць, колькі нас супраць. У адказ распачалася бойка. Гэта дзяржаўны бандытызм, дзяржаўны тэрарызм, – кажа Станіслаў Шушкевіч. – І гэта зыходзіць ад аднаго чалавека – дарэчы, недалёкага розумам”.
Што да судовых разбораў, Станіслаў Шушкевіч упэўнены, што суддзі маюць загад пра тое, якія мусяць быць выракі. “Больш злачыннай структуры за наш суд – няма, – заявіў Станіслаў Шушкевіч у інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат”. – І я думаю, што мы дажывем да таго часу, калі яны (суддзі) перад сапраўдным судом будуць адказваць за тое, што робяць”.