Еўрапарламент запатрабаваў ўвесці эканамічныя санкцыі супраць Лукашэнкі
- 12.05.2011, 19:36
(абноўлена) Еўрапарламент заклікаў ЕЗ увесці санкцыі супраць уладаў Беларусі, запатрабаваўшы таксама ад Менска спыніць пераслед кандыдатаў у прэзідэнты.
Як адзначаецца ў дакуменце, Еўрапейскі Звяз павінен «пашырыць абмежавальныя меры супраць беларускага рэжыму, у тым ліку ўвесці дакладныя эканамічныя санкцыі, у асаблівасці супраць дзяржаўных прадпрыемстваў».
Еўрадэпутаты таксама заклікалі афіцыйны Менск «апраўдаць» кандыдатаў у прэзідэнты краіны і «спыніць іхні пераслед». На думку парламентарыяў, вылучаныя абвінавачванні ў арганізацыі масавых беспарадкаў «пазапраўныя і непрымальныя».
Еўрапарламент лічыць усе абвінавачванні на падставе крымінальнай справы па масавых беспарадках надуманымі і палітычна матываванымі. Рэзалюцыя падкрэслівае, што ўжо мінулыя судовыя працэсы, як і цяперашнія, не маюць справядлівага характару: адвакатам перашкаджалі працаваць яшчэ на стадыі следства, а віна абвінавачаных у судзе не даказаная.
Еўрапарламент лічыць абвінавачанні супраць Андрэя Саннікава, Мікалая Статкевіча, Уладзіміра Някляева, Віталя Рымашэўскага, Мікалая Статкевіча, Зміцера Уса незаконнымі і недапушчальнымі і заклікае апраўдаць кандыдатаў у прэзідэнты. На гэтай падставе еўрадэпутаты заклікаюць да вызвалення ўсіх палітвязняў і зняцця з іх абвінавачванняў.
Дакумент таксама асуджае беларускія ўлады за неправядзенне незалежнага расследавання па прымяненні празмернай сілы міліцыяй і спецслужбамі супраць мітынгоўцаў, асабліва за адмову забяспечыць працу адмысловай місіі пад эгідай АБСЕ.
Асобную ўвагу еўрадэпутаты надаюць сітуацыі са СМІ. Яны адзначаюць усе большы ціск на незалежныя СМІ і журналістаў, заклікаюць улады вызваліць журналіста Анджэя Пачобута, замарозіць працэдуры закрыцця «Народнай волі» і «Нашай Нiвы», і не абмяжоўваць доступ да сайтаў charter97.org і «Беларускі партызан».
Акрамя таго, рэзалюцыя заклікае не перашкаджаць дзейнасці расейскіх і ўкраінскіх праваабаронцаў, а таксама не дыскрэдытаваць беларускіх, узгадваючы нядаўнія словы Аляксандра Лукашэнкі і дзяржаўных СМІ пра «пятую калону ў краіне».
Еўрапарламент раней ужо заклікаў беларускія ўлады неадкладна вызваліць усіх затрыманых апазіцыянераў і зняць прад'яўленыя ім абвінавачванні. У лютым 2011 года Еўразвяз адхіліў Беларусь ад удзелу ў праграме «Усходняе партнёрства». У лютым жа ўступілі ў сілу санкцыі ЕЗ у дачыненні да 175 беларускіх чыноўнікаў, у тым ліку Лукашэнкі. Ім быў забаронены ўезд у ЕЗ; акрамя таго, калі ў краінах ЕЗ у іх ёсць фінансавыя актывы, яны будуць замарожаныя.
У сераду 11 мая старшыня Еўрапарламента Ежы Бузек накіраваў у Міжнародную федэрацыю хакея на лёдзе ліст з заклікам адмовіцца ад правядзення ў 2014 годзе ў Беларусі сусветнага чэмпіянату, калі ўлады рэспублікі не вызваляць усіх палітвязняў, арыштаваных пасля прэзідэнцкіх выбараў.