На будынак амбасады Беларусі ў Пецярбургу павесілі банер «Луку на муку!»
- 13.05.2011, 12:43
На будынку аддзялення амбасады Беларусі ў Пецярбургу сёння быў вывешаны банер «Волю вольным! Луку на муку!», распавялі арганізатары акцыі - група піцерскіх анархістаў.
Яны заявілі, што такім чынам пачалі адзначаць дні салідарнасці з беларускімі анархістамі, якія праходзяць 12-15 мая, паведамляе Росбалт.
Ужо больш за 7 месяцаў доўжыцца «справа анархістаў» у Беларусі і на наступным тыдні ўлады рыхтуюцца пачаць судовую расправу. На дадзены момант пад вартай знаходзяцца 7 чалавек - Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Аляксандр Францкевіч, Максім Веткін, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка, Павел Сырамалотаў. «Хоць ад акцый прамога дзеяння, праведзеных анархістамі, не пацярпеў ні адзін чалавек, арыштаваным пагражае ад 7 да 12 гадоў пазбаўлення волі. Пры гэтым доказная база ўсяго абвінавачвання будуецца ў асноўным на паказаннях двух правакатараў, якія самі ўдзельнічалі ў вышэйзгаданых эпізодах, але ў якасці абвінавачаных чамусьці не прыцягваліся», - перакананыя актывісты.
На думку арганізатараў акцыі, дыктатарскі беларускі рэжым спрабуе ўтрымацца любой цаной, і маючы адбыцца судовы працэс - «палітычная расправа над найбольш актыўнымі і паслядоўнымі яго супернікамі».
«Рэпрэсіўны рэжым Лукашэнкі баіцца пратэстаў нават у іншых краінах. Прадстаўніцтва ў Пецярбургу з нядаўніх часоў ўзятае пад кругласутачную ахову паліцыі. Але гэта не можа перашкодзіць нашай салідарнасці», - лічаць піцерскія анархісты.