Андрэй Саннікаў асуджаны на 5 гадоў узмоцненага рэжыму
- 14.05.2011, 17:19
(абноўлена) Да такога тэрміну кандыдата ў прэзідэнты Беларусі прысудзілі за пратэст супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў.
Пасля прысуду Андрэй Саннікаў паспеў сказаць: «Беражыце маіх родных!» Прысутныя ў зале скандавалі «Свабоду!» «Ганьба ўладам!». Многія плакалі.
Прысуд вынесла суддзя Наталля Чатвярткова. Пракурор Антон Загароўскі патрабаваў прысудзіць Андрэя Саннікава да 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Судзімыя разам з Саннікавым ўдзельнікі акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў прысуджаныя таксама да вялікіх тэрмінаў: Ілля Васільевіч - 3 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Алег Гнедчык - 3,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму, Фёдар Мірзаянаў - 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму, Уладзімір Яроменак - 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Суровы прысуд кандыдату ў прэзідэнты Беларусі незалежныя назіральнікі тлумачаць асабістай помстай і жаданнем дыктатара Лукашэнкі расправіцца з самым моцным сваім апанентам.
Па сведчанні незалежных назіральнікаў і праваабаронцаў, на тых выбарчых участках, дзе не атрымалася дапусціць фальсіфікацыю выбараў, безумоўна і з вялікім адрывам перамагаў менавіта Саннікаў.
Напярэдадні вынясення прысуду Андрэй Саннікаў выступіў у судзе з гучнай заявай. Ён распавёў пра тое, што ў турме КДБ у дачыненні да яго прымяняюцца катаванні, прыніжаючае чалавечую годнасць стаўленне, ціск і пагрозы. Над палітвязнямі ў СІЗА КДБ здзекуюцца байцы невядомага спэцпадпаддзялення ў масках, узброеныя дубінкамі і электрошокерамі. На працягу ўсяго перыяду допытаў Саннікава змяшчалі ў камеру без месца, дзе ён спаў на падлозе пад нарамі, падвяргалі зневажальным ператрусам, прымушаючы распранацца дагала, ставілі на расцяжку, выкручвалі рукі кайданкамі, білі па нагах дубінкамі. Асабіста старшыня КДБ Зайцаў праводзіў з Саннікавым «тлумачальныя размовы» і пагражаў жыццю і здароўю ягоных жонкі і сына.
Адвакаты палітыка перакананыя, што падчас следства не даказаны нават сам факт масавых беспарадкаў у Менску 19 снежня. З доказаў па справе бачна, што тэрыторыя, ахопленая беспарадкамі, абмяжоўваецца некалькімі дзесяткамі квадратных метраў каля ганка Дома ўрада. На плошчы Незалежнасці праходзіла мірная акцыя супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.
Ніякіх дзеянняў, якія ствараюць пагрозу здароўю іншых асоб, не было. Ні адзін грамадзянскі чалавек не пацярпеў. Наадварот, мірных дэманстрантаў жорстка збіваў спецназ.
Прыцягненне Саннікава па гэтым артыкуле неправамернае. У справе няма ні аднаго доказу таго, што Саннікаў меў намер арганізаваць масавыя беспарадкі. Не было ні пагромаў, ні падпалаў, ні ўзброенага супраціву міліцыі. Пашкоджаная правакатарамі маёмасць была адрамантаваная. Правакацыю дапусцілі самі супрацоўнікі міліцыі, калі спецыяльна не перашкаджалі ёй. Кандыдаты ў прэзідэнты заклікалі спыніць гэтыя дзеянні і не паддавацца на правакацыі.
Масавае мерапрыемства насіла выключна мірны характар. Заклікі прыйсці на Плошчу і дачакацца вынікаў прэзідэнцкіх выбараў цалкам адпавядаюць Канстытуцыі. Падчас масавай акцыі з боку Саннікаў заклікаў прадстаўнікоў улады да дыялогу.
Андрэй Саннікаў - былы намеснік міністра замежных справаў Беларусі, які працаваў у сакратарыяце ААН і ўзначальваў беларускую дэлегацыю на перамовах па звычайным і ядзерным раззбраенні. У 1996 годзе падаў у адстаўку ў знак пратэсту супраць рэферэндуму аб змяненні Канстытуцыі.