ЕЗ разгледзіць увядзенне новых санкцый ва ўсіх напрамках
- 15.05.2011, 21:05
(абноўлена) Кіраўнік дыпламатыі Еўразвяза Кэтрын Эштан асудзіла вынесены 14 мая прысуд Андрэю Саннікаву.
«Высокі прадстаўнік заклікае беларускія ўлады неадкладна спыніць працяглае падаўленне палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць усе палітычна матываваныя судовыя працэсы, у тым ліку ў дачыненні да іншых кандыдатаў у прэзідэнты», - гаворыцца ў заяве Эштан, якая паступіла ў РІА «Новости».
«Цяперашнія падзеі не пакідаюць сумневаў у значным пагаршэнні сітуацыі з выкананнем правоў чалавека і дэмакратычных прынцыпаў у Беларусі з тых часоў як на прэзідэнцкіх выбарах 19 снежня 2010 былі парушаныя выбарчыя стандарты. Мелі месца палітычна матываваныя пераследы, арышты, затрыманні і судовыя працэсы над прадстаўнікамі дэмакратычнай апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ», - гаворыцца ў заяве Эштан.
Кіраўнік дыпламатыі ЕЗ паказала на пагаршэнне сітуацыі з выкананнем правоў чалавека і дэмакратычных прынцыпаў у Беларусі і зноў заявіла аб гатовасці гэтай рэгіянальнай арганізацыі разгледзець прымяненне да Беларусі «новых абмежавальных мер (санкцый) ва ўсіх напрамках супрацоўніцтва».