Санкцыі ў адказ на тэрор (Фота)
- 17.05.2011, 12:12
16 мая ў цэнтры Варшавы прайшла акцыя салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.
У акцыі прымалі ўдзел актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і іншыя беларусы Варшавы. Актывісты трымалі ў руках партрэты палітвязняў, якія сталі закладнікамі беларускага рэжыму пасля мірнай акцыі пратэсту на Плошчы 19 снежня 2010 года, а таксама банер «STOP TERROR IN BELARUS».
У Дзень салідарнасці з палітвязнямі ў Беларусі жыхары Варшавы падпісваліся пад рэзалюцыяй Еўрапарламента аб увядзенні эканамічных санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі.
Людзі актыўна падпісваліся пад рэзалюцыяй, казалі словы падтрымкі і салідарнасці палітвязням. «Еўрапейская беларусь» плануе перадаць сабраныя подпісы ў Міністэрства Замежных Справаў Польшчы.
Нагадаем, што Еўрапарламент заклікаў ЕЗ ўвесці санкцыі супраць уладаў Беларусі, запатрабаваўшы таксама ад Менска спыніць пераслед кандыдатаў у прэзідэнты.
Як адзначаецца ў дакуменце, Еўрапейскі Звяз павінен «пашырыць абмежавальныя меры супраць беларускага рэжыму, у тым ліку ўвесці дакладныя эканамічныя санкцыі, у асаблівасці супраць дзяржаўных прадпрыемстваў».
Еўрадэпутаты таксама заклікалі афіцыйны Менск «апраўдаць» кандыдатаў у прэзідэнты краіны і «спыніць іх пераслед». На думку парламентарыяў, вылучаныя абвінавачванні ў арганізацыі масавых беспарадкаў «пазапраўныя і непрымальныя».