BE RU EN

Саннікава ізалявалі з-за заявы аб катаваннях?

  • 18.05.2011, 11:02

(абноўлена) Ірыне Халіп адмовілі ў спатканні з мужам Андрэем Саннікавым. Перадачы для яго не прынялі ні ў СІЗА КДБ, ні ў СІЗА на Валадарскага.

Раніцай 18 мая Ірына Халіп накіравалася ў СІЗА КДБ, каб атрымаць дазвол на спатканне з мужам. Адначасова з ёй туды паехала маці Саннікава Ала, якая збіралася аддаць яму перадачу.

Аднак маці асуджанага кандыдата ў прэзідэнты паведамілі, што Андрэя Саннікава ў СІЗА КДБ няма. Тады Ірына Халіп і Ала Саннікава пайшлі ў следчы ізалятар ГУУС Менгарвыканкама, куды адпраўляюць вязняў СІЗА КДБ для этапавання ў калонію. Аднак і там жанчынам паведамілі, што Саннікава ў турме на Валадарскага няма.

«Мы патэлефанавалі нават у Жодзінскае СІЗА, але і там яго няма. Андрэй проста знік. Яны не маглі яго адправіць так хутка ў калонію. Зараз зразумела, чаму мне ўчора так хутка дазволілі спатканне з мужам - яны ведалі, што я яго не знайду ў СІЗА КДБ», - сказала charter97.org Ірына Халіп.

Адвакатка Андрэя Саннікава Марына Кавалеўская некалькі гадзінаў шукала свайго падабароннага і, у рэшце рэшт, у СІЗА КДБ ёй паведамілі, што палітык усё яшчэ знахдзіцца ў іх.

Сваякі Андрэя Саннікава мяркуюць, што ягоная ізаляцыя можа быць звязаная з публічнай заявай у судзе аб катаваннях у СІЗА КДБ, і не выключаюць, што палітык можа быць збіты ці яму помсцяць за адмову маўчаць.

Напярэдадні, 17 мая, Ірына Халіп паведаміла, што разам з маці Саннікава наведала суд Партызанскага раёна, дзе праходзіў працэс над ейным мужам, і напісала заяву з просьбай аб спатканні. «Нам адразу ж выдалі дазвол. Заўтра з раніцы свякроў ідзе перадаваць перадачу, і я туды пад'еду таксама», - сказала Ірына.

Бацька журналісткі Уладзімір Халіп адзначыў, што ягонай дачцэ адмовілі ў сустрэчы з мужам, нічым не матывуючы гэтае рашэнне. Каментуючы адмову, ён заявіў, што «працягваецца прэсінг на найбольш нежаданых ў палітычным дачыненні, да людзей, найбольш небяспечных для ўладаў, дзеячоў дэмакратычных сіл». На ягоную думку, такі ціск будзе працягвацца. Усё, што адбылося ён назваў «гульнёй у лібералізацыю», у тым ліку і судовы прысуд дачцэ.

Халіп лічыць, што прысуд Ірыне - гэта «проста адкладзены турэмны тэрмін, які можа быць прыведзены ў выкананне, як толькі супакоіцца грамадскае меркаванне».

16 мая Ірына Халіп была прысуджаная да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады. Яна асуджаная ў межах справы аб масавых беспарадках у Менску 19 снежня 2010 па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якіягруба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Андрэй Саннікаў быў прысуджаны 14 мая да пяці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Дзе менавіта кандыдат у прэзідэнты будзе адбываць пакаранне, пакуль не вядома.

У судзе ён адкрыта заявіў, што ў СІЗА КДБ у дачыненні да яго ўжываліся катаванні. А старшыня КДБ Вадзім Зайцаў асабіста шантажаваў Саннікава сям'ёй, пагражаючы жыццю і здароўю ягоных жонкі і сына.

Апошнія навіны