Курс наяўнага чорнага рынку дасягнуў 6000 за даляр
- 18.05.2011, 12:10
Курс чорнага рынку валюты ў Менску працягвае расці. Калі ўчора валютчыкі куплялі даляр за 5000 беларускіх рублёў, сёння даюць 6000.
Пры гэтым большасць валютчыкаў спынілі продаж даляраў у чаканні мяжы, на якой стабілізуецца падзенне рубля, піша «Наша нiва».
Нагадаем, што афіцыйны курс даляра, які ўсталёўваецца Нацбанкам, заўтра складзе 3 130 рублёў. Ён прыніжаны ў параўнанні з рэальным, які выкарыстоўваецца насельніцтвам, на 60-100%.
Курс у абменніках застаўся на ўзроўні 4500 рублёў. Банкі не наважваюцца выставіць курс, вышэй за «рэкамендаваны» Нацбанкам. Па такім курсе купіць валюту ўсё яшчэ немагчыма. На інтэрнэт-форумах пішуць, што, магчыма, з панядзелка Нацбанк падніме мяжу дазволенага да 6000 рублёў.
Сітуацыя з электронным абменніках prokopovi.ch таксама несуцяшальная для Нацбанка. Сярэдні курс прапановы расце там кожны дзень на 4-6%, дасягнуўшы ўчора ўзроўню 5663 рублёў (продаж - 6407).
Гэта на 100% больш за афіцыйны курс.
На афіцыйным рынку безнаяўнай валюты кошты яшчэ больш высокія. З панядзелка банкі прадаюць валюту прадпрыемствам за 7200 рублёў.
У рэзкім падзенні рубля ёсць элемент панікі: Нацбанк не мае рэзерваў, каб стабілізаваць сітуацыю на рынку, таму фінансавы свет наладжаны на найгоршыя сцэнары.