Пастаўкі беларускага малака ў РФ прыпыненыя
- 18.05.2011, 15:32
Беларусь з сённяшняга дня прыпыняе пастаўкі ў Расею малочнай сыроваткі і сухога цэльнага малака.
Адпаведная дамоўленасць замацаваная сёння на сустрэчы старшыні праўлення Нацыянальнага саюза вытворцаў малака Андрэя Даніленкі і міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Міхаіла Русага ў Менску. Днямі раней гэтае рашэнне абмяркоўвалася на ўзроўні кіраўнікоў аграрных ведамстваў дзвюх краін Алены Скрыннік і Міхаіла Русага, паведамляе ІТАР-ТАСС.
«З мэтай падтрымання расейскіх вытворцаў малака дасягнутыя дамоўленасці з Рэспублікай Беларусь, накіраваныя на стабілізацыю закупных коштаў на сырое малако і гатовую малочную прадукцыю», - адзначыла Скрыннік, дадаўшы, што Мінсельгас РФ будзе штотыдзень ажыццяўляць кантроль за сітуацыяй на малочным рынку Расеі.
Мінсельгасхарч Беларусі таксама паабяцаў часова спыніць экспарт сыру ў Расею з канкрэтных прадпрыемстваў у выпадку выяўлення фактаў паставак сыра па коштах ніжэйшых за індыкатыўныя. Бакі дамовіліся ў штотыднёвым рэжыме забяспечыць узгадненне індыкатыўных коштаў на асноўныя віды малочнай прадукцыі.
Акрамя таго, плануецца стварыць расейска-беларускую малочную кампанію з магчымым удзелам гандлёвых сетак і механізм паставак сухіх малочных прадуктаў, сыру, сметанковага масла з Беларусі ў Расею праз упаўнаважаныя беларускія кампаніі з выкарыстаннем механізму біржавых таргоў на расейскай біржы.