Зміцер Бандарэнка можа стаць у турме інвалідам
- 18.05.2011, 18:51
«Усё можа скончыцца інваліднай каляскай», - сказала жонка каардынатара «Еўрапейскай Беларусі» Вольга Бандарэнка пасля наведвання мужа ў СІЗА.
Нагадаем, што давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка за ўдзел у акцыі 19 снежня быў прысуджаны да 2 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Для этапавання ў калонію палітыка перавялі са следчага ізалятара КДБ у СІЗА ГУУС Менгарвыканкама на вуліцы Валадарскага. Тут з ім сустрэлася жонка вязня Вольга Бандарэнка і паведаміла, што ў мужа па-ранейшаму вельмі сур'ёзныя праблемы са здароўем.
«У Зміцера 4 грыжы дыскаў хрыбетніка, зашчэмленыя 3 спіннамазгавыя нервы. Тэрмінова патрэбная аперацыя, інакш ён можа быць абязрушаны. Усе просьбы падаць яму спецыялізаваную дапамогу неўролага ні да чаго не прывялі ні ў СІЗА КДБ, ні тут. У Зміцера літаральна вісіць ступня, і ўсё можа скончыцца інваліднай каляскай», - паведаміла Вольга Бандарэнка сайту charter97.org.
Нягледзячы на катастрафічны стан здароўя, палітык не губляе сілы духу. У апошнім лісце жонцы ён напісаў:
«Вядома, усе хацелі б выйсці, аднак, калі выбіраць паміж мінулай балотнай перадвыбарнай сітуацыяй і тым, што адбываецца ў вас цяпер, пакінуў бы цяперашнюю дынаміку. І упэўнены, не толькі я. Нельга не толькі двойчы ўвайсці ў адну і тую ж раку, але і ўсё жыццё сядзець у балоце. Беларусы, што вылазяць з балота - відовішча і захапляльнае, і страшэнна цікавае. Таму што, калі адныя паднімаюцца, некаторыя апускаюцца.
Вельмі складана таму, хто адзін. А, калі нас шмат і тут, і там, і ўсюды, і беларусы, і расейцы, і еўрапейцы, і атланцісты, і ўкраінцы. Як можа ўсё застацца па-старому?! Наперад да зорак!».