ЗША і Еўразвяз абмяркоўваюць новыя санкцыі супраць Беларусі
- 19.05.2011, 8:50
Дадатковыя санкцыі будуць уведзеныя з-за пагаршэння сітуацыі ў Беларусі і турэмнага зняволення кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава.
Злучаныя Штаты і Еўразвяз разглядаюць дадатковыя санкцыі супраць Беларусі. Аб гэтым заявіў у сераду намеснік дзяржсакратара ЗША па пытаннях Еўропы і Еўразіі Філіп Гордан.
«З-за пагаршэння сітуацыі ў Беларусі і турэмнага зняволення кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава мы абмяркоўваем з ЕЗ магчымасць увядзення дадатковых санкцый у дачыненні да гэтай краіны», - паведаміў Гордан на пасяджэнні Сената ЗША, прысвечаным абмеркаванню амерыканскіх прыярытэтаў у Еўропе, перадае «Радыё Свабода».
Ён дадаў, што Вашынгтон лічыць судовыя працэсы ў Беларусі аб масавых беспарадках палітычна матываванымі і заявіў, што паляпшэнне стасункаў з афіцыйным Менскам - немагчымае «ў кантэксце рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці, апазіцыі і незалежных СМІ».
«І мы, і Еўропа хочам лепшых, больш прадуктыўных стасункаў з Беларуссю. На жаль, кіраўніцтва гэтай краіны праводзіць палітыку, якая толькі ізалюе Беларусь і ейны народ», - падкрэсліў прадстаўнік Дзярждэпа.